![]() |
![]() |
Польскае радыё для замежжа, Беларуская служба
15.10.2010
10 гадоў папулярызацыяй польскай культуры за мяжою займаецца Інстытут імя Адама Міцкевіча. Заснавальнікамі гэтай структуры зьяўляюцца тагачасныя міністры замежных справаў і культуры – прафэсар Браніслаў Герэмэк і прафэсар Анджэй Закшэўскі.
У 1999 годзе яны падпісалі пагадненьне аб міжведамственнай супрацы ў галіне папулярызацыі польскай культуры. На падставе гэтага пагадненьня ў 2000 годзе й быў створаны Інстытут імя Адама Міцкевіча. Сёлета ўстанова адзначае 10-годзьдзе сваёй дзейнасьцьці.
На знак пашаны аб заснавальніках установы Інстытут уфундаваў памятную шыльду, прысьвечаную памяці прафэсараў Браніслава Герэмэка й Анджэя Закшэўскага. Аўтарам праекту шыльды зьяўляецца малады польскі творца Барташ Муха. У сераду ў Варшаве адбылося ўрачыстае адкрыцьцё памятнай шыльды. На ўрачыстасьці прысутнічалі, між іншым, кіраўнік польскай дыпляматыі Радаслаў Сікорскі, міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Богдан Здраеўскі, а таксама прафэсар Уладзіслаў Барташэўскі.
Падчас урачыстасьці міністар Сікорскі зьвярнуў увагу на тое, што прафэар Герэмэк вельмі добра разумеў значэньне культуры для польскай замежнай палітыкі.
Р. Сікорскі: Менавіта тагачасны кіраўнік польскай дыпляматыі з тагачасным міністрам культуры зрабілі ўсё магчымае, каб быў створаны Інстытут імя Адама Міцкевіча. Ад тае пары інстытут шматнапрамкава й вельмі пасьпяхова рэалізуе візію сваіх заснавальнікаў. Ідэальным прыкладам працы гэтай установы могуць быць два зрэалізаваныя нядаўна праекты: „Год польскай культуры ў Ізраілі” й „Год польскай культуры ў Вялікабрытаніі”. Я зь вялікім гонарам і прыемнасьцю ўдзельнічаю ў гэтых урачыстасьцях. Пры нагодзе я хацеў бы ўзгадаць асобу міністра Герэмэка, які нават пасьля сьмерці застаецца вялікім маральным і інтэлектуальным аўтарытэтам. Ягоны жыцьцёвы шлях, ацаленьне з кашмару Галякосту, пасьляваеннае разьвіцьцё кар’еры, заангажаванасьць у ліквідацыю камуністычнай сыстэмы, а пазьней у адраджэньне дэмакратыі – усё гэта адлюстроўвае цяжкую гісторыю нашай Айчыны. Ён быў паважаным гісторыкам у Эўропе. Прафэсар Герэмэк вельмі дацэньваў значэньне культурніцкай дыпляматыі. Для мяне асабіста Інстытут імя Адама Міцкевіча зьяўляецца вялікай спадчынай і хачу запэўніць, што будучы міністрам замежных справаў я стараюся працягваць з поўнай заангажаванасьцю справу папулярызацыі польскай культуры ў сьвеце.
Міністар Сікорскі дадаў, што польскія дыпляматы вельмі дапамагаюць у папулярызацыі польскай культуры за мяжою.
Р. Сікорскі: Перш за ўсё дзейнічаюць Інстытуты польскія пры дыпляматычных установах. Калісьці яны выглядалі, як павятовыя Дамы культуры за мяжой, а сёньня гэта спараўдныя мэцэнаты, якія ўводзяць польскіх артыстаў і польскую культуру ў культурніцкае жыцьцё краіны, у якой дзейнічаюць гэтыя пляцоўкі. Мы адчыняем усё новыя інстытуты, а таксама маем вялікую праграму папулярызацыі польскай культуры ў сувязі з польскім старшынствам у ЭЗ у наступным годзе. Усе мы разумеем, што культура зьяўляецца прывабным брэндам дадзенай краіны, а нават дапамагае прыцягнуць новыя замежныя інвэстыцыі. І мы надалей будзем працягваць супрацу ў гэтай галіне.
Міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Богдан Здраеўскі прыгадвае, што ад пачатку сваёй дзейнасьці цягам 10 гадоў Інстытут імя Адама Міцкевіча сабраў вялікія плёны: у 26 краінах зрэалізаваў розныя культурніцкія праекты, адбыліся 3 тысячы культурніцкіх мерпарыемстваў, у якіх прымалі ўдзел больш за 18 мільёнаў гледачоў.
Богдан Здраеўскі: Канечне, хацелася б яшчэ больш і лепш. Мы хочам быць паўсюль. Аднак, аналізуючы вынікі апошніх гадоў, мы памятаем пра посьпехі, якіх удалося дасягнуць. У першую чаргу гэта правядзеньне „Году польскай культуры ў Ізраілі”. Ён зламаў пэўныя стэрэатыпы, зьмяніў стаўленьне й пераламаў пэўны бар’ер у кантактах паміж Польшчай і Ізраілем. Сёлета адзначаецца год, прысьвечаны Фрыдэрыку Шапэну. Гэта больш за 2,5 тысячы рознага роду культурніцкіх падзеяў у амаль 80-ці краінах сьвету. Вельмі хацелася б, каб кожны наступны год дзякуючы нашай актыўнасьці прыносіў падобнага роду плёны. Перад намі чэмпіянат па футболе „EURO-2012”. Мы рыхтуем адпаведнае культурніцкае афармленьне ня толькі для VIP- аў, але і ўсіх гасьцей. Мы будзем карыстацца кожнай нагодай, каб польская культура будавала моцны вобраз польскай дзяржавы ў сьвеце.
Ад наступнага году Інстытут імя Адама Міцкевіча пачне рэалізацыю культурніцкай праграмы ў сувязі са старшынствам Польшчы ў Эўразьвязе. Гэты праект будзе рэалізавацца ў 10 сталіцах краінаў ЭЗ, між іншым, у Брусэлі, Парыжы, Лёндане, Бэрліне й Мадрыдзе, а таксама па-за Эўразьвязам – у Маскве, Менску, Пэкіне й Токіё.