Беларускі літаратурны дэсант на кніжным кірмашы ў Гётэборгу

Беларускі літаратурны дэсант на кніжным кірмашы ў Гётэборгу


Шэраг беларускіх літаратараў і незалежных кнігавыдаўцоў прадстаўляюць Беларусь на адным з найбуйнейшых кніжных кірмашоў Еўропы ў Швецкім горадзе Гётэборгу.

Беларусь на дадзеным кніжным кірмашы прадстаўляецца ўпершыню. Да гэтай падзеі было выдадзена адразу некалькі кніжак беларускіх аўтараў у перакладзе на шведскую мову, сярод якіх кнігі Барыса Пятровіча, Артура Клінава і Андрэя Хадановіча. Апроч таго ў Гётэбургу прадстаўленая анталогія сучаснай беларускай літаратуры "Беларусь - літаратурнае падарожжа", дзе надрукаваныя творы шматлікіх беларускіх паэтаў і празаікаў. Кожны літаратар марыць быць прадстаўленым на Гётэборскім кніжным кірмашы, таму для беларускай літаратуры гэта вялікі крок, зазначыў старшыня саюза беларускіх пісьменнік Алесь Пашкевіч:

- Быць прадстаўленым на Гётэборскім кніжным кірамашы, па сутнасці марыць амаль кожны літаратар. Упершыню шырока прадстаўляецца на ім сучасная беларуская літаратура, гэта сведчанне не толькі прыязнасці, але павагі да сучаснай беларускай літаратуры з боку еўрапейскіх выдаўцоў і еўрапейскіх чытачоў.

Каля 15-ці беларускіх літаратараў знаходзяцца гэтымі днямі ў Швецыі, дзе прадстаўляюць сучасную беларускую літаратуру. Апроч таго ўдзел у выдавецкім семінары ў рамках кніжнага кірмаша бяруць прадстаўнікі такіх выдавецтваў, як "Логвінаў", "Галіяфы", "Радыёла плюс" ды іншых. Кніжны кірмаш у Гётэборгу працягнецца да 25-га верасня.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя