|
|
Сустрэча з беларускімі мастакамі ў беластоцкім «Арсенале»
«Стан сучаснага беларускага мастацтва» пад гэтым назовам прайшла сустрэча ў галерэі «Арсенал» у Беластоку. Гасцямі спаткання былі два вядомыя мастакі родам з Беларусі.
Першы Сяргей Шабохін - гэта мастак звязаны з мінскай галерэяй «Ў». Другім з удзельнікаў быў Андрэй Дурэйка - гродзенец, які з 1999 года жыве ў Дзюсельдорфе, што ў Германіі. Ён прыблізіў творчасць вядомых сучасных мастакоў, якія працуюць як у Беларусі, так і за межамі краіны.
- Не ўсе інстытуцыі займаюцца тым, чым павінны займацца. І таму мы бачым, што, напрыклад, Сяргей Шабохін рэдактар часопіса і куратар, хоць ён артыст, мастак. Андрэй Дурэйка прэзентуе сучаснае мастацтва, хаця ён таксама мастак, а не мастацтвазнаўца. А тыя людзі, каторыя павінны гэта рабіць, здаецца, гэтага ўвогуле не ведаюць і ведаць не жадаюць. І некаторыя куратары ўвогуле не заходзяць у такую галерэю як «Ў», таму што лічаць, што там глупства альбо яшчэ што падобнае адбываецца. А на самой справе там адбываецца тое, што і будзе праз наступныя 20 гадоў.
Падчас сустрэчы Сяргей Шабохін расказаў пра дзейнасць мінскай галерэі «Ў». Апрача мастацкай дзейнасці займаецца яна арганізацыяй адукацыйных сустрэч і семінараў. Сяргей Шабохін распавёў таксама пра інтэрнет-старонку artaktivist.org. - гэта сайт пра сучаснае беларускае мастацтва, дзе можна даведацца пра ўсе мастацкія падзеі і паглядзець фатаграфіі з выставак.