|
|
Прэзентацыя зборнікаў Сваяка і Адважнага ў Гродне
Прэзентацыя кніжак - зборнікаў твораў Казімера Сваяка ды Вінцука Адважнага прайшла ў Гродне. Умяшчальная капліца Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ўмясціла ўсіх жадаючых трапіць на імпрэзу.
Як паведаміла ўкладальніца збораў пад вокладкамі «Беларускага кнігазбору» Ірына Багдановіч, кніжка Вінцука Адважнага прэзентуецца ў Гродне раней за Мінск, бо выйшла ў час вакацыяў:
- Такая ласка Божая над гэтым сапраўды была, што яны аказаліся, што яны з'явіліся. Можа паспрыяў трошкі і 120-гадовы юбілей ў мінулым годзе – і Сваяк, і Адважны нарадзіліся ў 1890 годзе. Матэрыял для Сваяка я збірала практычна 20 гадоў, выйшаўшы з глыбокай савецкай эпохі.
Зборнік Казімера Сваяка набыць амаль немагчыма, а некалькі дзясяткаў зборніка аўтара эпічнага легендарнага твора «Кітай-Сібір-Масква» адразу былі разабраны наведнікамі прэзентацыі. Гродзенскі прафесар Алесь Пяткевіч, які прысутнічаў на прэзентацыі мяркуе, што выхад такіх кніжак у свет - гэта падзея для беларускай літаратуры, калі культурная прастора топчыцца ды нішчыцца.