|
|
Адборачны канцэрт на конкурсную праграму фестывалю «Бардаўская восень» прайшоў у мінскай кавярні «Лісіная нара».
29 выступоўцаў, сярод якіх як барды, так і акустычныя гурты, прадставілі сваю творчасць на суд кваліфікаванага журы і гледачоў, якіх у гэты вечар ледзь змясціла памяшканне кавярні. Традыцыйна напрыканцы адборачнага канцэрту журы абвесціла імёны канкурсантаў «Бардаўскай восені», якія і зайграюць з фестывальнай сцэны напрыканцы кастрычніка. У склад журы сёлетняга адборачнага канцэрту «Бардаўскай восені» ўвайшлі Кася і Алесь Камоцкія, Міхал Анемпадыстаў і Зміцер Вайцюшкевіч. «Нягледзячы на тое, што выканаўцаў было досыць шмат, мы з калегамі прыйшлі да агульнага меркавання», зазначыў Міхал Анемпадыстаў:
- Апошнія гады такія досыць роўныя. Заўсёды хапае цікавых удзельнікаў, заўсёды прыходзіць падрыхтаваная публіка. Гэта тое, што неабходна для функцыянавання і існавання бардаўскай ці аўтарскай песні. 10 чалавек не так складана абіраць, мы зрабілі яшчэ рэзерв 5 чалавек. Мы не спрачаліся, пагаджаліся з меркаваннямі калегаў і думаю, што гэта досыць аб'ектыўна.
Канкурсантамі «Бардаўскай восені-2011» сталі як выканаўцы, якія едуць на фестываль не ў першыню, між якіх Павел Сілівончык і Цімафей Авілін, так і новыя імёны - Віктар Мароз, Раман Абрамчук, Паліна Рэспубліка, дуэт «Tempera» і гурт «Green pills». Трапіў у спіс канкурсантаў і полацкі гурт «Індра», які перамог адмысловую інтэрнэт-галасаванку на сайце «Тузін гітоў». Фестываль «Бардаўская восень» адбудзецца ў Белсьску-Падляшскім, што на Беласточчыне, з 21 па 23 кастрычніка.