|
|
Палескія традыцыі і абрады выйдуць асобным зборнікам
Гісторыі Палесся, палескія гаворкі і абрады запісаныя ў час навуковай экспедыцыі «Рэйд Палесся» ў 2010 і 2011 годзе выдадуць зборнікам у Луцку.
Матэрыялы для выдання збіралі брэсцкія студэнты разам з украінскімі даследчыкамі Палесся. Акрамя пісьмовых запісаў ёсць відэафайлы, з якіх запланавана зрабіць невялічкі навуковы фільм.
Гісторык, намеснік украінскага педагагічна-навуковага саюза «Берагіня», Віктар Місіюк кажа, што сабраныя матэрыялы могуць стаць апошнімі, якія запісаныя паводле слоў носьбітаў палескай культуры:
- Прайшоў другі этап збору этнаграфічных матэрыялаў. Справа ў тым, што пакаленне, якое добра валодае традыцыйнай культурай, гаворыць чыстай палескай гаворкай, адыходзіць. На людзей уплывае адукацыя. Вельмі важнае, каб сабраны матэрыял захаваць і перадаць так, як гэта было сапраўды, у зусім нядаўнія часы.
«Рэйд Палесся» за гэты час закрануў Брэсцкі, Камянецкі, Бярозаўскі, Маларыцкі і Пінскі раён Брэсцкай вобласці. Удзельнікі экспедыцыі намагаліся сустракацца з жыхарамі, якія былі рэальнымі сведкамі жыцця на Палессі ў час ІІ Рэчы Паспалітай і пасляваенныя гады, калі палескія традыцыі не былі ліквідаваныя бальшавікамі.