Лявон Вольскі выдаў кнігу «Міларусь»

Лявон Вольскі выдаў кнігу «Міларусь»


Вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі выдаў кнігу прозы пад назвай «Міларусь».

Выданне стала своеасаблівым падарункам аўтару з нагоды дня народзінаў, які Вольскі адсвяткаваў 14 верасня. Кніга выдадзеная ў серыі «Кнігарня пісьменніка» Саюза беларускіх пісьменнікаў пры падтрымцы згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына». Як зазначае аўтар, пад вокладкай чытач знойдзе адну аповесць і цэлы шэраг апавяданняў, напісаных ў розныя гады. Праца над кнігай ішла цягам доўгага часу, кажа Лявон Вольскі.

- Я паралельна з музычнай дзейнасцю ўвесь час займаюся дзейнасцю літаратурнай, рознага кшталту - паэзіяй, прозаў. У гэтай кнізе прадстаўлена мая проза за апошнія 20 гадой, але ўмоўна кажучы 20. Там больш за ўсё твораў, якія напісаныя напрыканцы 90-х - пачатку 2000-х, але ёсць некалькі ранейшых, канца 80-х, і некалькі пазнейшых, цяперашняга часу.

Сваю літаратурную дзейнасць Лявон Вольскі збіраецца працягнуць і не выключае выхаду другой кнігі прозы. Кніжка ж пад назваю «Міларусь», што выйшла тыражом у 1000 асобнікаў, у хуткім часе з’явіцца ў продажы, а таксама на прасторах інтэрнэта. Па словах Лявона Вольскага неўзабаве адбудзецца і прэзентацыя кнігі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя