Аўтографы Эдгара По ў кнігарні «ЛогвінаЎ»

Аўтографы Эдгара По ў кнігарні «ЛогвінаЎ»


Кніга беларускамоўных перакладаў лепшых твораў амерыканскага літаратара пачатку XIX стагоддзя Эдгара Алана По была прэзентаваная незвычайным чынам.

Стваральнікі зборніка «Маска чырвонай смерці» прапанавалі чытачам атрымаць сапраўдны аўтограф Эдгара По, што выклікала вялікую цікавасць з боку чытацкай аўдыторыі. «Мы хацелі прывабіць увагу да кнігі незвычайнай падзеяй, і гэта атрымалася - розгалас на імпрэзу быў значна большы, чым на звычайныя літаратурныя прэзентацыі», кажа рэдактар выдання і адна з арганізатараў імпрэзы Кацярына Маціеўская:

- Розгалас і здзіўленне былі большыя, чым з нагоды звычайнай прэзентацыі. На розных рэсурсах на гэтую навіну каментавалі наступным чынам: «А вы ведаеце, што Эдгар По памёр ў XIX стагоддзі?». Таму, мне здаецца, прынамсі некаторая частка тых, хто на звычайную прэзентацыю не прыйшоў бы, была заінтрыгаваная і прыйшла хаця бы паглядзець.

Сакрэтам вечарыны стала пячатка з выявай сапраўднага подпісу Эдгара Алана По, з дапамогай якой аўтограф з'яўляўся ў кнізе кожнага наведвальніка імпрэзы. Як зазначаюць арганізатары прэзентацыі, якая адбылася ў мінскай кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ», такога кшталту мерапрыемства не толькі пазабавіла беларускіх чытачоў перакладной літаратуры, але ў пэўным сэнсе паслужыла штуршком да больш шчыльнага азнаямлення з біяграфіяй і творчасцю амерыканскага літаратурнага класіка.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя