|
|
"Бардаўская восень" вызначаецца з канкурсантамі
Адмысловы хіт-парад фестываля «Бардаўская восень» стартаваў на інтэрнэт-партале «Тузін гітоў». Да 10 верасня арганізатарамі фестываля прымаліся заяўкі на ўдзел у адборы на конкурсную праграму фестываля.
Запісы ўсіх бард-выканаўцаў, дуэтаў і акустычных гуртоў, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у адборачным туры «Бардаўскай восені 2011», прадстаўленыя на сайце «Тузін гітоў», наведвальнікі якога могуць цягам пяці дзён галасаваць за сваіх фаварытаў. Па выніках хіт-парада будзе абраны адзін пераможца, які між іншых канкурсантаў прадставіць свае творы ў конкурснай праграме фэсту ў Бельскім доме культуры, зазначыў галоўны рэдактар партала «Тузін гіотоў» Сяргей Будкін:
- Можна па рознаму ставіцца да інтэрнэт-галасавання як такога, але самае галоўнае – што гэта прыцягненне ўвагі да самога фестывалю, да беларускай музыкі, да беларускіх выканаўцаў. Я думаю, не так важна, хто пераможа, колькі важна, што гэтыя песні змогуць спампаваць, пачуць. Але спадзяюся, што сапраўдны самыя належныя і самыя цікавыя песні стануць пераможцамі.
Астатніх жа ўдзельнікаў конкурснай праграмы абярэ кваліфікаванае журы падчас адборачнага канцэрту ў Мінску, дзе каля 30-ці выканаўцаў прадставяць свае творы, кажа каардынатар фестываля ў Беларусі Алесь Кот-Зайцаў.
- Канкурсантаў у гэтым годзе крыху больш, чым у мінулыя гады. Яны вельмі розныя – і па прафесійным узроўні, і музычна, і паэтычна. Таму думаю, канцэрт атрымаецца вельмі цікавым, і спадзяюся, што сапраўды самыя вартыя трапяць у Бельск на фестываль.
Апроч канкурсантаў на адборачным канцэрце ў Мінску заспяваюць адмысловыя госці вечару - пераможца «Бардаўскай восені 2010» Яўген Барышнікаў і легенда бардаўскай песні Кася Камоцкая, якая таксама будзе ўваходзіць у шэрагі журы адборачнага тура. Адбудзецца ж адборачны канцэрт на «Бардаўскую восень 2011» 18 верасня а 18:00 у кавярні «Лісіная нара» у Мінску.