|
|
«Сучасная нямецкая літаратура» ў кнігарні «ЛогвінаЎ»
У рамках месяца нямецкай літаратуры, які праходзіць у кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» у Мінску, адбылася вечарына сучаснай нямецкай літаратуры. Лепшыя перакладчыкі, сябры часопіса перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет» распавялі пра сваю дзейнасць ды асаблівасці перакладчыцкай працы.
Апроч таго, пазнаёміла з сучаснай нямецкай літаратурай ды абвесціла некалькіх пераможцаў конкурса на лепшы пераклад навелы Гайнрыха фон Кляйста, каардынатар культурніцкіх праектаў інстытута Гётэ, Вера Дзядок:
- Не столькі ад самой імпрэзы, колькі ад конкурса перакладу ўражанне, таму што нам даволі шмат людзей даслалі свае пераклады – 17 чалавек. З большага, гэта вельмі маладыя людзі, якія толькі пачынаюць свой тврочы шлях. Вынікі адзначала журы: Лявон Баршчэўскі, Галіна Скакун і рэдакцыя часопіса «ПрайдзіСвет».
Часопіс «ПрайдзіСвет» дзякуючы падобным конкурсам і вечарынам не толькі папаўняе свае шэрагі новымі маладымі перакладчыкамі, але і выходзіць на дыялог з чытачом, зазначыла сябра рады часопіса Юлія Цімафеева:
- Гэта пачатак дыялогу чытача і перакладчыка. Нам цяпер трэба агледзецца і вырашыць, куды рушыць далей, што перакладаць далей. Мы чулі розныя перакладніцкія прыярытэты, гэта сучасная літаратура, напрыклад нямецкая і нейкая класічная літаратура. Я спадзяюся, што мы пачулі адзін аднаго, а таксама пачулі галасы нашай публікі.
Падобная перакладчыцкая імпрэза стане не апошняй у шэрагу мерапрыемстваў месяцу нямецкай літаратуры ў кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ». 19 верасня наведвальнікаў чакае сустрэча з мэтрам беларускамоўнага пераклада Васілём Сёмухай, побач з якім выступяць Андрэй Хадановіч, Зміцер Колас і Лявон Баршчэўскі. Завершыцца месяц нямецкай літаратуры сустрэчай са швейцарскім пісьменнікам Йенсам Нільзэнам.
* * *
Месяц нямецкай літаратуры праходзіць у кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» у Мінску.
Шэраг імпрэз распачаўся прэзентацыяй нямецкамоўнай кнігі беларускага паэта Алеся Разанава. Акрамя таго, 10 верасня адбыўся літаратурны дзяцячы ранішнік прысвечаны Нямеччыне. Працягнецца месяц нямецкай літаратуры імпрэзай «Сучасная нямецкая літаратура», у якой удзел возьмуць беларускія перакладчыкі - зазначыў арт-дырэктар кнігарні «ЛогвінаЎ», Павел Касьцюкевіч:
- Сустрэча менавіта нямецкай літаратуры пры пасяродку беларускай мовы – сустрэчы з беларускімі перакладчыкамі, вечар сучаснай нямецкай літаратуры. Інстытут імя Гётэ і часопіс ПрайдзіСвет падвядуць вынікі на конкурс перакладу навелы Гайнрыха фон Кляйста, вядучая перакладчыца Вера Дзядок пазнаёміць маладых беларускіх перакладчыкаў з сучаснай нямецкай літаратурай.
Распачнецца вечар сучаснай нямецкай літаратуры а 19 у кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» у Мінску. Уваход на імпрэзу, як і на шэраг астатніх літаратурных вечарын у рамках месяца нямецкай літаратуры, вольны для ўсіх жадаючых. Цягам верасня беларускіх чытачоў і літаратараў чакае таксама вечарына перакладчыка Васіля Сёмухі, сустрэча са швейцарскім пісьменнікам Йенсам Нільзэнам і кінапаказ адразу трох стужак рэжысёра Фатыха Акіна на нямецкай мове.