Выйшла аўдыёкніга з вершамі Мілаша па-беларуску

Выйшла аўдыёкніга з вершамі Мілаша па-беларуску


Беларускі паэт, перакладчык, эсэіст Андрэй Хадановіч у супрацы з польскім інстытутам у Мінску выдаў аўдыёкнігу вершаў Чэслава Мілаша ў беларускамоўных перакладах. Музычна аздобіць кнігу паэту дапамаглі ўдзельнікі гурта «Рацыянальная дыета».

Падобная аўдыёкніга, прымеркаваная да 100-годдзя Чэслава Мілаша, выйшла не толькі ў Беларусі. Адразу 10 краін свету зрэалізавалі падобныя творы - кажа Андрэй Хадановіч:

- Гэта агульнаеўрасаюзаўскі праект, ён выходзіць нават па-за межамі Еўрасаюза. 10 не-польскіх краінаў перакладаюць і прадстаўляюць Мілаша ў аўдыёкніжках. Я ведаю, што некалькі класных актораў робіць гэта ў розных краінах, напрыклад Сцівен Фрай у Лондане, Жэрар Дэпард'е ў Парыжы. Гэта падарунак, якога Чэслаў Мілаш і яго слухачы заслугоўваюць.

Беларускамоўная аўдыёкніга запісаная Андрэем Хадановічам у супрацы з мінскім музычным гуртом «Рацыянальная дыета». «Вершы Чэслава Мілаша адкрылі для нас шмат новага ў музычным плане», - кажа адзін з музыкаў калектыва, Віталь Эпаў:

- Працэс рэпетыцый, стварэння музыкі, быў выдатны. Шмат чаму мы навучыліся. Мілаш адкрыў у нас нейкія новыя музычныя магчымасці, таму што ягоныя вершы вельмі нас уразілі. Мне, напрыклад, прачытаўшы некалькі вершаў, прыйшлі на думку пэўныя музычныя ідэі, якія, магчыма, спатрэбяцца потым.

Стваральнікі выдання ўжо паспелі прэзентаваць яго ў Гомелі, Брэсце і Мінску. Аўдыёкніга вершаў Чэслава Мілаша ў беларускамоўным прачытанні Андрэя Хадановіча ды музычным аздабленні гурта «Рацыянальная дыета» вольна распаўсюджваецца на прасторах Беларусі і па-за яе межамі.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя