«Вялікае княства паэзіі» пад знакам Мілаша

«Вялікае княства паэзіі» пад знакам Мілаша


Міжнародны літаратурны фестываль «Вялікае княства паэзіі», прысвечаны 100-годдзю Чэслава Мілаша, працягвае сваю дзейнасць.

Адкрыўшы «Вялікае княства паэзіі» літаратурна-музычнай імпрэзай у залі акадэміі музыкі, у другі фестывальны дзень літаратары з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны і Расіі сабраліся на круглы стол «Мілаш шматпавярховы», дзе адбылася дыскусія на тэму творчасці Мілаша. Увечары ж ўдзельнікі фетывалю прэзентуюць сваю творчасць са сцэны мінскага дому культуры ветэранаў. У рамах імпрэзы апроч выступлення шматлікіх паэтаў з розных краін, чакаецца прэзентацыя адразу двух кніг маладых беларускіх аўтараў - паэтычнага сборніку Віталя Рыжкова «Дзверы, замкнёныя на ключы», а таксама кнігі пад назваю «Амбасада» аўтарства Марыі Мартысевіч:

- З прыемнасцю крыху пачытаю перакладаў. Найперш пераклады Марыяны Кіяноўскай, таксама пераклады расійскай паэткі Наталлі Гарбанеўскай, якая першы раз выступае ў Мінску – гэта вельмі дарагі госць для нас. У сваім жыцці яна падае прыклад грамадзянскай мужнасці.

Апроч выступлення рускамоўнай паэтэсы Наталлі Гарбанеўскай, у заключнай імпрэзе фестывалю прысутныя пачуюць м.ін. выступы польскіх аўтараў Рышарда Крыніцкага, Яцэка Гутарава, літоўцаў Эўгеніюса Алішанкі, Вітаса Дэкшніса, украінскіх паэтаў Марыяны Кіяноўскай і Алега Лышэгі, а таксама айчынных літаратараў, між якіх Ігар Бабкоў, Алесь Разанаў, Андрэй Хадановіч ды Уладзімір Арлоў:

- Атмасфера сапраўднага свята, будзе, думаю, калі будуць чытаць свае вершы паэты з Беларусі, з Польшчы, з Літвы і Украіны – таксама грамадзяне вялікага княства паэзіі.

У гэты ж вечар бард-выканаўца Таццяна Беланогая праспявае песні, напісаныя ёй на вершы Чэслава Мілаша. Заключная імпрэза фестывалю «Вялікае княства паэзіі» Распачнецца а 19 у доме культуры ветэранаў у Мінску. Уваход на вечарыну вольны.

* * *

Буйны міжнародны літаратурны фестываль «Вялікае княства паэзіі» распачаў сваю дзейнасць. Арганізаваны беларускім ПЭН-цэнтрам, Польскім інстытутам, пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і літаратурным музеем імя Адама Міцкевіча ў Варшаве, сёлетні фестываль прысвечаны 100-годдзю нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша.

У сувязі з гэтым, у Мінску адкрытая выстава «Чэслаў Мілаш», выдадзены чатырохтомнік твораў аўтара, прэзентаваная аўдыёкніга Андрэя Хадановіча, у якой вершы Мілаша гучаць на беларускай мове. У гэтыя дні Беларусь наведваюць шматлікія паэты з Літвы, Украіны, Расіі, Польшчы, між якіх Рышард Крыніцкі, Наталля Гарбанеўская, Яцэк Гутараў, Алег Лышэга і іншыя. Прымаюць удзел у мерапрыемствах фествывалю і знакамітыя беларускія творцы. Нарэшце мы можам пахваліцца падзеяй такога маштабу - кажа старшыня беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Андрэй Хадановіч:

- Я марыў, каб Мінск зрабіўся месцам штогадовага, нармальнага, прыстойнага, харошага паэтычнага фестывалю, куды будуць прыязджаць не графаманы, а вялікія паэты, вядомыя ў сваіх краінах. На сёння, мы гэта маем.

Адкрыццё фестывалю сабрала ў залі беларускай акадэміі музыкі ў Мінску літаратурны свет Беларусі і замежжа. Такая сустрэча магла адбыцца толькі ў тут, у сталіцы Беларусі - кажа госць фестывалю з Польшчы, паэт Кшыштаф Чыжэўскі:

- У мяне такое ўражанне, і гэта заўсёды незвычайнае ў такіх сустрэчах, што тут «genius loci». Я ведаю, што немагчыма перанесці такою сустрэчу недзе па-за Мінск і правесці яе ў такі сам спосаб. Тут перасякаліся мовы, лёсы, пачуцці людзей, якія вялі з сабой выдатны дыялог у тыя часы.

Між далейшых мерапрыемстваў фестывалю - круглы стол «Мілаш шматпавярховы», што адбудзецца ў галерэі «Ў», а таксама літаратурная імпрэза, дзе лепшыя паэты Беларусі і замежжа зачытаюць свае вершы. Адбудзецца таксама выступ у Мінскім доме культуры ветэранаў. Уваход на ўсе імпрэзы фестывалю свабодны.

Фота
  • Фота 1/10
  • Фота 2/10
  • Фота 3/10
  • Фота 4/10
  • Фота 5/10
  • Фота 6/10
  • Фота 7/10
  • Фота 8/10
  • Фота 9/10
  • Фота 10/10

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя