У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Ірыны Шумскай

У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Ірыны Шумскай


У Мінскім музеі музычнай і тэатральнай культуры адбылася прэзентацыя кнігі Ірыны Шумскай «Музыка ў кантэксце беларуска-польскага міжкультурнага ўзаемадзеяння».

З'яўляючыся музыкаведам, літаратарам, кандыдатам кульутралогіі і дацэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры, Ірына Шумская займаецца праблемамі развіцця музычнай культуры і ўзаемадзеяння яе з сацыяльнымі працэсамі. Кніга распавядае пра творчую спадчыну і жыццёвы лёс шматлікіх прадстаўнікоў беларуска-польскай культурнай прасторы, дзейнасць якіх пераважна адбывалася ў першай палове ХХ стагоддзя. Імёны шматлікіх выдатных кампазітараў дасюль застаюцца невядомымі для нашых суайчыннікаў, заўважае Ірына Шумская:

- Адна з ключавых задач, ключавых мэт гэтай кніжкі – зрабіць не такое сухое навуковае выданне, а каб заахвоціць чытачоў цікавасцю да гісторыі нашай айчыннай музычнай культуры і да развіцця міжкультурных стасункаў.

Прэзентацыя кнігі адбылася ў фармаце музычнай імпрэзы, дзе наведвальнікі маглі пачуць музыку тых кампазітараў, пра якіх ідзе гаворка ў кнізе, у жывым выкананні трыа «Вытокі». Выданні на такую тэматыку, напісаныя ў падобнай стылістыцы з'яўляюцца вельмі рэдка, што робіць дадзеную падзею яшчэ больш значнай, кажа кіраўнік трыа «Вытокі», Аляксей Фралоў:

- Гэта вельмі важна, калі такія тэмы асэнсоўваюцца на вельмі пазітыўным навуковым і чалавечым узроўні. Таму кніга Ірыны Шумскай гэта сапраўды для нас нейкі этап у вывучэнні, у пазнанні музыкі Буларусі і нашых сувязяў з польскай культурай.

Выданне кнігі Ірыны Шумскай «Музыка ў кантэксце беларуска-польскага міжкультурнага ўзаемадзеяння», як і прэзентацыя твора адбылася пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя