|
|
У Мінску адбылася прэзентацыя кнігі Яна Максімюка
Кнігу пад назовам «Словы ў голым полі» ў кнігарні выдавецтва «логвінаЎ» прэзентаваў беластоцкі аўтар і перакладчык Ян Максімюк.
Тэксты напісаныя ў розныя гады, прысвечаныя разнастайным асобам ды з’явам, звязаным з Беларуссю, былі сабраныя пад адну вокладку дзякуючы прапанове сябры аўтара, паэта і філосафа Ігара Бабкова.
- С канца 80-х, пачатку 90-х ён прыязжаў у Мінск і фармавалася гэтае пакаленне "тутэйшых". У пэўны момант мы проста зразумелі, што лепшага сведкі, які бачыў у той час побач, можа ў нас і не будзе. Тады я аднойчы яму пазваніў і сказаў, што хацеў бы бачыць гэтую кнігу.
Кніга “Словы ў голым полі” ўключае літаратурна-крытычныя эсэ і ўспаміны, напісаныя Янам Максімюком як 10-15 гадоў таму, так і зусім нядаўна. Выйшла яна ў серыі “Галерэя Б”. У мінскай прэзентацыі выдання ўдзел узялі Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Сяргей Шупа, Ігар Бабкоў ды іншыя. Невялічкая заля кнігарні выдавецтва «логвінаЎ», дзе і праходзіла імпрэза, ледзь змясціла ўсіх жадаючых наведвальнікаў, што стала прыемнай неспадзяванасцю, заўважыў Ян Максімюк.
- Я ў Беларусі не быў ужо 15 гадоў і прыехаў у Мінск даволі ўзрушаны, усё гэта склалася разам з гэтай сустрэчай. Такое даволі пазітыўнае ўражанне. Я пабачыў сяброў, знаёмых, якіх не бачыў 15 гадоў, і наогул я задаволены гэтай сустрэчай, а ў першую чаргу задаволены тым, што ў Мінску выйшла мая кніжка.
Абмеркаванне эпохі, адлюстраванай у кнізе, ды самога выдання цягнулася больш за дзве гадзіны. Цяпер прэзентаваная кніга «Словы ў голым полі» беластоцкага аўтара Яна Максімюка дасяжная для чытачоў у кнігарнях Беларусі.