|
|
Месяц нямецкай літаратуры распачаўся ў кнігарні выдавецтва «ЛогвінаЎ» у Мінску. Цягам верасня кнігарня пры падтрымцы інстытута «Гётэ» будзе прэзентаваць беларускім чытачам найлепшыя праявы нямецкай літаратуры.
Пачаўся ж месяц з прэзентацыі нямецкамоўнай кнігі беларускага паэта Алеся Разанава. У перакладзе на беларускую мову кніга мае назву “Месяц думае, Сонца разважае”. "Гэтае выданне не з’яўляецца чымсьці прынцыпова новым у маёй творчасці, у нейкім сэнсе гэта працяг мінулых кніг паэзіі, але на нямецкай мове", - кажа Алесь Разанаў.
- Гэта як бы развіццё і працяг творчых магчымасцяў, новая грань творчасці. Яна і вылучаецца мовай, але яна збліжаная і з вершаказамі айчыннымі. І таму не кажу, што я перайшоў на іншую дзялянку, гэта працяг і развіццё папярэдняга.
Нямецкая мова для Алеся Разанава аказалася чымсьці настолькі натуральным, што паэзія напісаная беларускім паэтам па-нямецку гучыць абсалютна гарманічна, заўважыў вядоўца імпрэзы-прэзентацыі кнігі паэт і філосаф Ігар Бабкоў.
- Для яго ў пэўны момант, калі ён вандраваў паміж Аўстрыяй і Нямеччынай, нямецкая мова адкрылася як адна з магчымасцяў сваёй уласнай творчасці. Гэта тое чужое, што было ім прысвоена і нямецкая мова стала не чужой.
Прэзентацыяй нямецкамоўнай кнігі паэзіі Алеся Разанава месяц нямецкай літаратуры толькі распачаўся. Наведвальнікаў кнігарні «ЛогвінаЎ» чакае вечар сучаснай нямецкай літаратуры з удзелам маладых беларускіх перакладчыкаў, паказ кінастужак рэжысёра Фатыха Акіна, творчая вечарына перакладчыка Васіля Сёмухі, а таксама сустрэчы з швейцарскім пісьменнікам Йенсам Нільзэнам. Бліжэйшае ж мерапрыемства месяцу нямецкай літаратуры ў кнігарні «ЛогвінаЎ» - дзіцячы літаратурны ранішнік на тэму Германіі, які адбудзецца 10 верасня а 14-й гадзіне.