Беларускія Трыялогі: Сакрату Яновічу - 75

Беларускія Трыялогі: Сакрату Яновічу - 75


Спектаклем «Тутэйшыя», які прывёз у Крынкі Гродзенскі лялечны тэатр, завершыліся сёлетнія Беларускія Трыялогі. Яны былі прысвечаныя 75-м угодкам з дня нараджэння пісьменніка і публіцыста Сакрата Яновіча.

Да гэтай даты Фонд Villa Sokrates выдала кнігу “Выбраныя творы”, што стала нечаканасцю і для самаго юбіляра.
Як адзначае намеснік старшыні Фундацыі прафесар Лявон Тарасэвіч, Сакрат Яновіч быў і застаецца сапраўдным аўтарытэтам:

- Сакрат паявіўся ў спосаб натуральны ў нашым асяроддзі 80-х гадоў. Сакрата я знайшоў персанальна тады, калі мы задумалі зрабіць першы рэйд «Бацькаўшчыну». У гэты момант я таксама сталеў, так што для мяне Сакрат стаў такім «інтэлектуальным бацькам» на Беласточчыне, бо першым быў Юры Туронак.

У межах сёлетніх Беларускіх Трыялогаў прайшлі навуковыя дыскусіі, пачала працу выстава «Мастакі Сакрату», адбыўся бенефіс самаго юбіляра. У Крынкаўскім Доме культуры, дзе працавала адмысловая экспазіцыя, можна было пачабыць не толькі літаратурныя творы Сакрата Яновіча, але пагартаць яго асабістыя дзённікі і пааглядаць фотаздымкі з розных гадоў яго жыцця. Такім чынам, Трыялогі спалучылі ў сабе тры напрамкі – літаратуру, мастацтва і тэатр.

* * *

У гэтым годзе Трыялогі, паводле ідэі арганізатараў, сапраўды спалучаюць у сабе тры напрамкі – літаратуру, мастацтва і тэатр. Як адзначае актор і бард Віктар Шалкевіч, невыпадкова “Тутэйшыя” прыехалі менавіта ў Крынкі:

- Я б не сказаў, што “Тутэйшыя” вельмі аптымістычная п’еса. Яна проста п’еса смешная. Чалавек спрабуе прыстасавацца да любых умоў, не паказаць сябе, а проста прыстасавацца. Гэта п’еса не пра Яновіча, канешне. Нікіта Зносак і Сакрат Яновіч – гэта дзве розныя асобы. Гэта сімвалічна, калі ў 75-ыя ўгодкі ў Крынках мы пакажам менавіта Купалу, адзін з самых лепшых твораў беларускай драматургіі.

Пабачыць “Тутэйшых” можна будзе ў Доме культуры ў Крынках, былым будынку сінагогі, у 15-ць гадзін. Беларускія Трыялогі арганізуюцца Фундацыяй Villa Sokrates і маюць за мэту пашыраць беларускую літаратуру і культуру ў Еўропе і свеце.

* * *

У Крынкаўскім Доме культуры, былым будынку сінагогі, адкрылася выстава “Мастакі Сакрату”, прысвечаная 75-годдзю Сакрата Яновіча. Гэта адно з мерапрыемстваў Беларускіх Трыялогаў, якія праходзяць традыцыйна ў Крынках і Лапічах.

Куратарамі выставы з’яўляюцца прафесар Лявон Тарасэвіч і малады фотамастак Павал Грэсь. Як адзначае апошні, ідэя выставы ўзнікла з таго, што і самі Трыялогі цяпер спалучаюць у сабе літаратуру, тэатр і мастацтва:

- Ужо прыдумалі з Лёнікам можа 3-4 гады таму назад, проста каб памяняць формулу Трыялогу толькі з літарацкай часткі на само слова. Трыялог - гэта тры дзялянкі, да якіх можна аднесці - тэатр, пластычнае мастацтва а таксама літаратура. Так што мы ідзем гэтым шляхам, пашырэння Трыялогу на гэтыя тры дзялянкі. Адна з іх - прапанова, якую маем тут, арганізацыя выставы. У яе ўваходзяць жывапіс, фатаграфія, інсталяцыя, мастакі якія ў апошнія гады былі звязаныя з асобай Сакрата Яновіча.

На выставе “Мастакі Сакрату” сваю творчасць прадстаўляюць творцы Польшчы, а таксама Беларусі, між іншымі вядомы беларускі фотамастак Андрэй Лянкевіч.

У працяг Трыялогаў адбудзецца Бенефіс Сакрата Яновіча, вядоўцам якога выступіць бард і актор Віктар Шалкевіч.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.

* * *

Сёлетнія “Трыялогі”, якія традыцыйна праходзяць у Крынках і Лапічах, у значнай ступені прысвечаныя юбілею знакамітага беларускага і польскага пісьменніка Сакрата Яновіча. Павіншаваць юбіляра прыехалі сябры і калегі з Польшчы, Беларусі, а таксама Венгрыі.

Яны не толькі выступяць з адмысловымі дакладамі, але і складуць свае віншаванні падчас вечаровага Бенефісу Сакрата Яновіча. Як адзначае сам юбіляр, ён вельмі рады, што дзякуючы “Трыялогам” і Фундацыі Villa Sokrates, беларускую культуру пачынаюць ведаць у Еўропе:

- Я пачаў думаць аб гэтым пятнаццаць гадоў таму назад, падумалася мне, што трэба выкарыстаць свой аўтарытэт у Еўропе. Трэба нешта рабіць, каб Еўропа даведалася аб тым, што існуе такая культура, такая літаратура.

Сакрат Яновіч кажа, што яго ідэя рэалізавалася пры падтрымцы вядомага мастака Лявона Тарасэвіча. Таксама ён прыгадаў, што ад самага пачатку не разлічваў на падтрымку афіцыйнага беларускага боку і выказаў падзяку знакамітым творцам Чэславу Мілашу і Ежы Гедройцу.

“Трыялогі” будуць працягвацца ў суботу і нядзелю і завершацца спектаклем паводле п’еся Янкі Купалы “Тутэйшыя” ў выкананні актораў Лялечнага тэатра ў Гродне.

Яна Запольская, Радыё Рацыя.

* * *

Высвячэннем Жыровіцкай Іконы Божай Маці ў царкве ў Крынках распачаліся традыцыйныя “Трыялогі”, арганізаваныя Фондам Villa Sokrates.

Ікона адмыслова напісана мастаком Кшыштафам Бучакам – вучнем прафесара Лявона Тарасэвіча, які распавядае, як увогуле ўзнікла ідэя стварэння такой, па яго словах, “Сакратавай” іконы:

- Яна такая больш народная, з кветкамі, так што думаю, яна будзе мець такую крынаўскую характэрнасць. Трэба рабіць працяг духоўнасці, гісторыі і думаю тое, што ў нас аддзеленая прастора паміж Жыровіцамі і нашымі землямі, калісці людзі жылі блізка з гэтай Божай маці, думаю вельмі добра, што яна зноў у Крынках.

Працягваюцца “Трыялогі” ў Лапічах, што каля Крынак, дакладамі і дыскусіямі навукоўцаў. Беларусь прадстаўляюць гарадзенцы Вячаслаў Швед і Віталій Карнялюк. Таксама ў сённяшняй праграме – вернісаж выставы “Мастакі Сакрату” і бенефіс Сакрата Яновіча, які адзначае 75 гадоў з дня свайго нараджэння.

Фота
  • Фота 1/9
  • Фота 2/9
  • Фота 3/9
  • Фота 4/9
  • Фота 5/9
  • Фота 6/9
  • Фота 7/9
  • Фота 8/9
  • Фота 9/9

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя