|
|
Апошні дзень лета Алесь Камоцкі адзначыў канцэртам
Канцэртам пад назваю «На краі лета» адзначыў апошні дзень лета беларускі бард і паэт Алесь Камоцкі. Імпрэза адбылася ў Мінску ў музеі Янкі Купалы.
Новыя творы і добра вядомыя песні прыхільнікі творчасці Камоцкага пачулі ў камернай атмасферы музейнай актавай залі. Канцэртная праграма прагучала ў складзе трыа гітарыста Алега Змушкі, піяніста Аляксандра Віслаўскага і ўласна саліста калектыва Алеся Камоцкага:
- Цёпленька было і таму, што прыйшло многа людзей, атмасфера была прыемная. Я хваляваўся, бо мы ігралі ў эксперыментальным складзе. Тым не менш, хібінаў было нямнога. Я лічу, што ўсё ўдалося.
Кожны канцэрт Алеся Камоцкага - гэта усё тая ж знаёмая і любімая для прыхільнікаў выканаўцы музыка, але што раз яна гучыць па-новаму, заўважыла прысутная на канцэрце бардэсса Алеся Сівохіна:
- Усё чапляе па-рознаму, таму што настолькі розны матэрыял – і босановы, і лірычныя, і псалмы. Творчасць можа не новая, але песні гучалі абсалютна па-іншаму, таму што клавішы надаюць гучанню такую своеасаблівую паўнату.
Пасля камернага канцэрту пад назваю «На краі лета» Алесь Камоцкі адразу ж прыступіў да падрыхтоўкі наступнага свайго выступу, які адбудзецца 17 кастрычніка ў рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў Мінску.
Фота rv-blr.com