|
|
У Мінску адзначылі дзень народзінаў Янкі Купалы
Літаратурна-музычны мітынг пад назваю «Паламянае сэрца паэта» прайшоў у Купалаўскім скверы ў Мінску. Вершы першага народнага паэта Беларусі ды прысвячэнні з нагоды дня народзінаў Янкі Купалы прагучалі ля яго помніка непадалёк ад будынку музея паэта.
Удзел у імпрэзе ўзялі беларускія паэты і пісьменнікi, між якіх Раіса Баравікова, Мікола Мятліцкі, Анатоль Бутэвіч, Уладзімер Гілеп, Мікола Шабовіч ды іншыя. Нягледзячы на агульную сітуацыю ў Мінску, літаратурны мітынг прайшоў у даволі святочным настроі, заўважыла выканаўца песень на вершы Янкі Купалы Алеся Сівохіна:
– Святочны пазітыўны, нягледзячы на ўсё тое, што адбываецца – проста нармальны, пазітыўны настрой на лепшае, на тое, што нешта зменіцца да лепшага.
Падобныя літаратурна-музычныя мітынгі ўжо сталі традыцыйнымі і штогод праводзяцца ў дзень народзінаў паэта з ініцыятывы супрацоўнікаў дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы на чале з Аленай Мацевасян.
– Гэта традыцыя існуе ў Беларусі з 1972 года – менавіта тады, калі быў адкрыты гэты помнік. Пачынаючы з 1972 года, кожны год, 7 ліпеня сюды прыходзяць людзі – адныя гады іх бывае больш, у іншыя гады менш, але такая традыцыя існуе і я веру, што яна заўсёды будзе існаваць у беларускім народзе.
У сёлеташнім літаратурна-музычным звароце да творчасці Янкі Купалы прагучалі вершы паэта, а таксама аўтарскія творы ўдзельнікаў мітынгу прысвечаныя Купале. Выступы ўдзельнікаў літаратурнага мітынга суправаджаліся ўрачыстым ускладаннем кветак да помніку паэту.