У Гарадок на фестываль «Басовішча 2011»

У Гарадок на фестываль «Басовішча 2011»


Сёлета Басовішча пройдзе цягам трох дзён з 22 па 24 ліпеня. Фестываль адбудзецца 21-шы год запар. Беларускія музыкі зайграюць для шматлікіх гледачоў у мястэчку Гарадок на Беласточчыне.

Акрамя гэтага ў гэтым годзе будзе арганізаваны паказ кінафільмаў. А для жадаючых прыняць ўдзел у фэсце будзе магчымасьць больш танна атрымаць візы, – кажа сябра Беларускага аб’яднаньня студэнтаў Аркадзь Васілюк.

Па словах Васілюка, арганізатары над пытаннем візаў вельмі доўга працавалі – праверыць ці ўсе асобы, якія атрымаюць бясплатную візу, насамрэч паедуць на «Басовішча», немагчыма. Арганізатары вырашылі гэта іншым шляхам – усе, хто захоча паехаць на Фестываль музыкі Маладой Беларусі, атрымаюць 50% зніжкі на аднаразовую шэнгенскую візу.

Арганізатары фестывалю наладзілі таксама выезды аўтобусамі з Мінска – кошт такога падарожжа 80 еўра + 80 тыс. беларускіх рублёў.

Самае істотнае – дакументы на паездку трэба падаць у консульствы да 11 ліпеня. Арганізатары заклікаюць не адтэрміноўваць гэтай справы на апошні момант і ўжо цяпер увайсці на сайт консульства і зарэгістравацца...

Можаце таксама цалкам паслухаць гутарку Сцяпана Ягорава з Аркадзем Васілюком у прыкладзеным аўдыёфайле.

* * *

Фестываль музыкі Маладой Беларусі «Басовішча» праводзіцца штогадова з 1990 г. на лясной палянцы Барык у мястэчку Гарадок на Беласточчыне. Гэта найбуйнейшы і найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі. Назва фестывалю паходзіць ад акроніму назвы арганізатараў БАС – Беларускае аб’яднанне студэнтаў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя