|
|
Нягледзячы на шматлікія праблемы, якія паўсталі ў незалежных беларускіх выдаўцоў у сувязі з эканамічным крызісам у краіне, літаратурны часопіс “Дзеяслоў” працягвае спраўна выходзіць. Гэтымі днямі пабачыў свет новы, 52-гі, нумар выдання.
Як паведаміў загадчык адзелу крытыкі часопіса Анатоль Івашчанка, гэты нумар адметны цікавай сучаснай прозай:
- 52-гі нумар “Дзеяслова” парадуе сваіх чытачоў прозай Леаніда Дранько-Майсюка, працягам раману Віктара Карамазава, новымі творамі маладзейшых аўтараў, такіх як – Сяргей Календа, Юрась Пацюпа, Алесь Вярцейка, Ігар Сідарук. У раздзеле “пераклады” – вершы расійскіх паэтаў. Юбілейная частка нумару прысвечана 65-годдзю Уладзіміра Някляева.
Цікавы ў нумары і раздзел крытыкі. Леанід Галубовіч піша пра новы зборнік Славаміра Адамовіча “Рым”. Блізкі сябра Быкава Барыс Клейн аглядае двухтомнік Сяргея Шапрана "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця". Традыцыйна ў канцы нумара - агляд найноўшых беларускіх выданняў.