Вольга Акуліч і гурт “Верасень” у электрычным гучанні

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Аляксей Красоўскі
13.10.2010


Беларуская аўтар-выканаўца Вольга Акуліч пасля выпуску першага альбому пад назвай “Трохкутнік” змяніла музыкаў і стварыла новы, электрычны склад гурта “Верасень”, які сёння ўпершыню выйдзе на сцэну прэзентаваць новы матэрыял.

- У праграме толькі дзве песні з “Трохкутніка”, - расказвае Вольга Акуліч, - усе астатнія песні праграмы, што будзе сёння прэзентаваная, абсалютна новыя, напісаныя за апошнія паўгады. Праект “Верасень”, які трымаўся з большага на мне, ператвараецца ў гурт “Верасень”, дзе ёсць паўнавартасныя ўдзельнікі музычнага калектыву.

Своеасаблівасцю сённяшняга вечару стане сумяшчэнне канцэрту музыкаў з паказам кароткаметражных кінастужак у стылі арт-хауз, аўтарам якіх з’яўляецца адзін з музыкаў гурта “Верасень”, бас-гітарыст Фёдар Немцаў.

Як зазначыла Вольга Акуліч, гурт “Верасень” пакуль не збіраецца запісваць новы электрычны матэрыял у студыі, таму пачуць новае гучанне і новы матэрыял музыкаў можна толькі на канцэртных выступах, першы з якіх адбудзецца сёння ў мінскім фальварку “Добрыя мыслі” а 19:00.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя