|
|
Прадстаўнікі беларускіх дыяспар прыязджалі на фестываль
У Беларусі адбыўся фестываль мастацтва беларусаў свету. У шэрагу мерапремстваў, арганізаваных міністэрствам культуры рэспублікі Беларусь, узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары з 12 краін свету.
Мерапрыемствы фестывалю, якія ахапілі творцаў розных сфер культуры, аднак не прадстаўлявілі жыцця беларускіх дзеячоў замежжа ў поўнай меры і да ўдзелу ў імпрэзах дапусцілі не ўсіх, кажа паэтка з Падляшша Міра Лукша.
- На жаль, адна з асноўных асоб не была прапушчана праз мяжу, гэта – Яўген Вапа. Я паставіла гэтае пытанне арганізатарам, яны сказалі, гэта не наша справа, гэта справа дыпламатыі, мы займаемся культурай. Я думаю, што культуру нельга аддзяляць ад палітыкі, асабліва ў такой сітуацыі, калі ў краіне душыцца беларускае слова. Гэта выглядае на такі танец на вулкане – усё валіцца, а мы тут скачам.
Тым не менш дзеячы беларускай культуры з Польшчы, Украіны, Латвіі, Літвы, ЗША, Расіі і шэрагу іншых краін прадставілі сваю творчасць у рамках фестываля. Нягледзячы на прысутнасць ці адсутнасць мінусаў у арганізацыі фестываля, важна тое, што такая падзея адбылася, кажа старшыня федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Валерый Казакоў:
- Калі задашся мэтай, то знойдзеш і задаволеных, і не задаволеных гэтым фестывалем. І вакол тут пачынаюць нейкія палітычныя жарсці – думаю, што гэта не патрэбна.
Сярод фестывальных падзеяў у Віцебску адбылося паседжанне па справах беларусаў замежжа і канцэрт самадзейных фальклорных калектываў у рамках “Славянскага базара”. У Мінску адкрытыя выстава “Беларускія мастакі ў свеце”, фотавыстава, прысвечаная дзейнасці беларускіх грамадскіх аб’яднанняў замежжа, а таксама праведзеная сустрэча з беларускімі літаратарамі Польшчы, Латвіі, Расіі і Украіны. Завяршыўся першы фестываль мастацтва беларусаў свету выступам беларускіх музычных калектываў замежжа ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.