|
|
Рабіць выцінанкі з паперы – можна было павучыцца ў Беластоцкім музеі вёскі. Кожны ахвотны меў магчымасць уласнымі рукамі зрабіць выцінанку з выкарыстаннем розных узораў.
На Падляшшы традыцыя ўпрыгожвання выцінанкамі з паперы была папулярная ў другой палове ХІХ стагоддзя. Вокны і шафы выцінанкамі з паперы ўпрыгожвалі і пасля першай сусветнай вайны. Як адзначае супрацоўніца музея Караліна Радлоўская, гэта было звязана з тым, што жыхары Падляшша вярталіся з бежанства:
- Вяртанне з бежанства, вяртанне людзей пасля Першай сусветнай вайны, беднасць і ўсё тое, што тут іх сустрэла стварыла патрэбу шукання танных простых сродкаў. Макоўка ў гміне Нарва – гэта вёска, якая стала цэнтрам выканання выцінанак. Жанчыны, якія гэтым займаліся, прадавалі выцінанкі па ўсім рэгіёне. Узоры выцінанак з паперы з тых ваколіц знаходзяцца ў нашых калекцыях.
У Макоўцы вядомы быў звычай упрыгожвання выцінанкай з паперы Святога кута – месца для іконы. Выцінанкі найчасцей выконвалася нажніцамі або спецыяльным долатам. Найбольш папулярнымі ўзорамі былі раслінныя і геаметрычныя матывы.
Заняткі ў Музеі вёскі былі арганізаваныя ў межах праекта “Сямейная нядзеля ў скансэне”. Праз два тыдні тут можна будзе павучыцца вырабляць свечкі з воску.