Выйшаў юбілейны нумар часопіса «Маналог»

Выйшаў юбілейны нумар часопіса «Маналог»


Выйшаў новы юбілейны 15-ты нумар часопіса «Маналог», прысвечанага свабоднаму мастацтву. Штогадовы альманах, які выдаецца з 1997-га года, уяўляе сабой збор публікацый прысвечаных творчым людзям і іх працам у разнастайных галінах мастацтва.

Разынкай сёлеташняга нумару стала прысутнасць у часопісе матэрыялаў пра грузінскіх творцаў, кажа стваральнік і галоўны рэдактар «Маналога» Аляксей Андрэеў.

- Выданне, на старонках якога мы 15 гадоў збіраем усё самае цікавае, што ёсць у айчыннай культуры, адначасова з беларускімі мастакамі, пісьменнікамі, фотамайстрамі. У часопісе значная частка прысвечана нашым грузінскім сябрам, а апрача гэтага, як і заўсёды, мы спрабуем сабе і нашым чытачам задаць пытанне: дзе мы жывем, як жывем і навошта.

Найбольш прывабнае ў часопісе «Маналог» - гэта яго традыцыйнасць і тое, што на старонках яго штогод наноў здзяйсняюцца адкрыцці, зазначыў адзін з аўтараў сёлеташняга «Маналога» Адам Глобус.

- Супрацоўнічаю з часопісам «Маналог» ужо больш як 10 гадоў і ў кожны нумар нешта раблю. На працягу 15 гадоў пад вокладку “Маналога” збіраюцца людзі блізкія да культуры. Гэта мінская, беларуская, сённяшняя культура.

На старонках 15-га нумару альманаха «Маналог» чытачы змогуць знайсці прадстаўнікоў з грузінскага боку, сярод якіх Ака Марчыладзэ, Арчыл Кікодзе, Леван Херхеулідзэ ды іншыя. Сярод беларускіх аўтараў у часопісе між іншых прадстаўленыя Міхал Анемпадыстаў, Вольга Дзмітрыева, Людміла Шумская ды сам стваральнік выдання Аляксей Андрэеў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя