|
|
У Мінску прэзентавалі чарговы нумар часопіса «Arche», прысвечаны Балканам. Выданне ўяўляе сабой зборнік тэкстаў самых розных жанраў, аб’ядноўвых тэмай Балканскіх краін.
Прэзентацыя пад назваю «Балканскія чыТанцы» адбылася ў кнігарні «логвінаЎ». Удзел у імпрэзе ўзялі аўтары часопіса, большасць з якіх перакладчыкі, а таксама ўкладальнік «балканскага» нумару «Arche» Сяргей Сматрычэнка.
- Сваю задачу я бачу ў тым, каб з аднаго боку максімальна шырока прадставіць балканскую тэматыку па-беларуску, але з іншага боку - таксама падштурхнуць цікавасць да гэтай тэмы. Што да вечарыны – былі танцы, быў смех, былі апладысменты, я думаю, гэта сведчанне таго, наколькі ўсё людзям спадабалася.
Сярод аўтараў, чые творы прадстаўленыя ў «балканскім» нумары «Arche», два нобелеўскія лаўрэаты - югаслаў Іва Андрыч і ўраджэнка Румыніі Герта Мюлер, а таксама шматлікія навукоўцы і літаратары - прадстаўнікі балканскіх краін. Большую частку нумару займаюць працы беларускіх літаратараў-перакладчыкаў, між якіх Ганна Янкута.
- Тэма ў нас мала вядомая і выкананне ўражвае. Там прадстаўлена ўсё – і Сербія, і Боснія, і Чарнагорыя. Мінімум ведаў пра Балканы, і нават не зусім мінімум, беларускі чытач атрымае абавязкова.
Імпрэзу «Балканскія чыТанцы», на якой і быў прэзентаваны новы нумар «Arche», апроч жывых чытанняў тэкстаў са старонак часопіса ў выкананні беларускіх перакладчыкаў, аздобіў сваёй балканскай музычнай праграмай беларускі гурт Alta Mente.