|
|
У Беластоку навучэнцы беларускай мовы развіталіся са школай
«Ляціце да сонца, ляціце да мора», – гэтым заклікам з верша Тацяны Сапач старшыня Беларускага саюза ў польшчы Яўген Вапа падзякаваў дзеткам і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку за чарговы год працы. А моладзь і дзеці паказалі свае дасягненні на сцэне.
Наймалодшыя выступілі з песнямі са «Студыі беларускага фальклору», а ўдзельнікі гуртка «Гульня ў тэатр» паказалі спектаклі «Вучыся, вучыся, вучыся» і «Цацачная крама». Выканаўцаў «Цацачнай крамы» публіка не адпускала са сцэны.
– Дзякуючы алімпіядзе па беларускай мове я атрымала індэкс на ўніверсітэт у Варшаве і думаю, што скарыстаюся гэтай магчымасцю.
– Гэта было дзесяць гадоў навучання. У садку і пачатковай школе гэта была забава, але ліцэй – то ўжо цяжкая навука была, падрыхтоўка да алімпіяды, каб магчыма атрымаць індэкс, але добра гэта ўспамінаю.
Заканчэнне навучальнага года для дзетак і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку, традыцыйна ўжо ладзіць Аб’яднанне бацькоў «АБ-БА».
Таксама традыцыйна прайшло і развітанне з чарговымі вучнямі, якія закончылі ўжо ліцэй, гімназію або пачатковую школу. Гэтая традыцыя мае працягвацца – у першы клас у пачатковую школу, дзе вядзецца навучанне беларускай мовы ўжо запісаліся амаль 20 дзетак.