Анатоль Астапенка прэзентаваў у Гродне новую кнігу

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Віктар Парфёненка
9.10.2010


Навуковец, публіцыст, намеснік старшыні партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Анатоль Астапенка прадставіў гродзенцам сваю новую кнігу. Назва працы: “Игде зродилися иускормлены суть по Бозе”.

Біблійная цытата тытулу закранае пытанні нацыяналізму і развіцця гэтай ідэі сярод беларусаў.

– Пасланне такое, каб беларусы зразумелі, што яны беларусы, што яны нацыя. А нацыя вымагае ад цябе ведання гісторыі, ведання мовы. Пачуццё гонару, што ты беларус, вымагае перабудаваць свой шлях зусім па-іншаму: каб і твае дзеткі вучыліся па-беларуску, каб абудзілася нацыянальная свядомасць у беларусаў, – распавёў Анатоль Астапенка.

Адной з цікавых ідэй кнігі з’яўляецца тая, што Беларусь не ўскраіна, не мяжа цывілізацыяў, а цэнтр Еўропы. Паводле слоў аўтара, гэта кніга – сінтэз ідэй, на якіх можа паўстаць нацыянальная свядомасць.

Анатоль Астапенка вядомы як навуковец, палітык, палітолаг і публіцыст. Яго новая кніга, якая была прадстаўлена ў залі па вуліцы Будзёнага-48 у Гродне, выйшла накладам у 400 асобнікаў.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя