|
|
Леанід Дранько-Майсюк: Чытайце беларускую літаратуру!
Беларускі паэт, аўтар вядомых беларускіх песняў, аўтар “Цацачнай крамы”, якую між іншым прадстаўляў Зміцер Вайцюшкевіч, Леанід Дранько-Майсюк - госць студыі Радыё Рацыя.
РР: Спадар Леанід, учора была сустрэча са школьнікамі, з бацькамі, фурор быў, як самі ацэньваеце гэтую сустрэчу?
- Учора была не проста сустрэча, учора была выдатная, цудоўная, паэтычная сустрэча. Я даведаўся, што тут у Беластоку, існуе таварыства, існуе арганізацыя, аб’яднанне бацькоў чые дзеткі вывучаюць беларускую мову, яны вучаць на памяць вершы баларускіх паэтаў, яны беларускую паэзію выносяць на сцэну, на шырокую публіку і робяць гэта прыгожа, з любоўю да беларускай літаратуры. Я гэта ўчора ўжо адчуў і мне было вельмі і вельмі прыемна. Прыемна было выступаць перад бацькамі гэтых дзетак, весці дыялог, гаворку. Я шмат цікавага даведаўся, пра беларускія сем’і, якія тут сабой упрыгожваюць Беластоцкі край, якія захоўваюць беларускую культуру, якія захоўваюць беларускую мову і ў гэтай нашай цудоўнай беларускай мове выхоўваюць сваіх дзетак. Мне падабаецца само гэтае скарачэнне “АББА”, так называецца ў скарочаным выглядзе аб’яднанне бацькоў, вядома ж адразу ў маёй душы абудзіла ўспамін, пра той цудоўны шведскі ансамбль, які нас у сямідзясятыя гады чараваў сваімі песнямі. Вось так, пра што не ўспомніш, адносна ўчарашняй сустрэчы, то кожная рыса, кожная дэталь радасная, светлая, цудоўная.
РР: Спадар Леанід вы з’яўляецеся аўтарам, як я казаў многіх песень, вядомых шлягераў. Апошнім часам у дзяржаўных сродках масавай інфармацыі ў фестывалях, меньш гучыць беларускамоўных песень, на вашу думку з чым гэта звязана, ці гэта зверху такая палітыка, ці няма патрэбы ў гэтых песнях беларускамоўных?
- Патрэба на беларускамоўныя песні яна не знікае, заўсёды існуе жаданне ў нашых людзей, у нашых слухачоў паслухаць менавіта беларускамоўную песню. Бо не сакрэт, апошнім часам называюць беларускую песню, тую песню, якая не на беларускай мове. Песня беларуская існуе, яна будзе існаваць, яна неабходная беларускім слухачам, бо па сваёй сутнасці, па сваёй філасофскай глыбіні, беларусы негледзячы не на што, нацыя вельмі і вельмі песенная і невыпадкова, толькі ў беларускай мове, слова песня мае дадатковы сэнс. У бліжэйшых славянскіх мовах, песня гэта проста маленькі музычны твор прызначаны для спева. А ў беларускай мове, гэта той жа маленькі музычны твор прызначаны для спева і яшчэ песня сінонім творчасці. Песня замяняе слова творчасць і калі часам мы чытаем, што песні Янкі Купалы ўласціва меладыйнасць, уласцівыя грамадзянскія гучанні, то гэта значыць творчасці Янкі Купалы ўласціва тое, што я пералічыў. Чаму не гучыць беларуская песня? Гэта залежыць перш за ўсё, я так лічу, ад нашых спевакоў, ім чамусці здаецца, што калі яны будуць спяваць па-англійску, ім чамусці здаецца, што калі яны будуць спяваць па-расійску, яны імгненна авалодаюць вялікай аўдыторыяй. У такім выпадку я ім раю, дарагія мае юныя сябры, спявайце па-кітайску, і ваша аўдыторыя тады перасягне за мільярд, тады вы авалодаеце Азіяй, авалодаўшы Азіяй, можна аваладаць светам, пра што сведчаць знакамітыя італьянскія эканомікі. Быў час у пачатку 90-х гадоў, усе нашыя спевакі, якія і па-сённяшні дзень застаюцца на сцэне, яны не тое, што спявалі па-беларуску, яны інтэрв’ю давалі па-беларуску, яны прамаўлялі перад песняй таксама, звяртаючыся да публікі па-беларуску. Яне мне штодзённа званілі і маім калегам, штодзённа прасілі ў нас беларускіх вершаў, гэта было дзіва-дзіўнае, я так наіўна спадзяваўся, што так будзе заўсёды. Не, памянялася сітуацыя, і па сутнасці недзе ў сярэдзіне другой паловы 90-х гадоў званіць перасталі, на вялікі жаль, перасталі. Прыйдзе час і зноў пачнуць тыя ж самыя спевакі званіць і прасіць вершаў на беларускай мове.
РР: Я думаю, што часы змяніліся таксама і для беларускай літаратуры, цяпер існуе дзіўная сітуацыя, дзе ўсяго ў нас па два, як то гавораць беларусы ўсяго маюць па два, два правапісы і дзве дзяржаўныя мовы, маюць беларусы таксама два саюза пісменнікаў. Гэтая сітуацыя, наколькі Саюзы пісьменнікаў, увогуле гэтая сітуацыя ў літаратуры, наколькі падзеленыя пісьменнікі сёння?
- Я думаю, што разумныя, спакойныя, выхаваныя людзі, якія называюць сябе пісьменнікамі, яны не падзеленыя, яны існуюць у адной беларускамоўнай творчай прасторы. Яны падтрымліваюць адно аднаго, духоўна падтрымліваюць, словам добрым, негледзячы на тое хто ў якім саюзе знаходзіцца. Можа быць і трэці саюз пісьменнікаў, можа быць і чацьвёрты калі ласка. Колькасць творчых суполак, не ўплывае на развіццё літаратуры і не ўплывае адмоўна на развіццё літаратуры. Скажам у Саюзе пісьменнікаў Беларусі, ёсць такі яркі літаратар, як той жа Алесь Наварыч, альбо Андрэй Федарэнка. Яны цудоўнаыя пісьменнікі, проста выдатнейшыя празаікі. А ў нашым творчым аб’яднанні, у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, цэлы букет выдатных творцаў, з якімі я сябрую, якіх я чытаю, гэта і мой калега Эдуард Акулін, гэта і Барыс Пятровіч, гэта і выдатнейшы паэт Уладзімір Някляеў, гэта пісьменнікі, чые творы створаны для самай шырокай чытацкай аудыторыі. Я заўсёды калі выступаю, заўсёды называю тыя кнігі, якія на мяне ўплываюць. Скажам у гэтыя дні, у гэты час, мне хочацца, каб гэтыя кнігі былі прачытаныя школьнікамі, гімназістамі, бо беларускі пісьменнік сёння павінен быць не толькі творцам, ён павінен не толькі складаць вершы, альбо пісаць прозу, ён павінен быць прапагандыстам, ён павінен быць таленавітым рэкламным агентам. Калі ты прыязджаеш у тую ці іншую вёску, там у гэтай вёсцы ніколі не выступалі беларускія літаратары, то ты не толькі павінен расказаць пра сваю творчасць і прачытаць свае вершы, а прыкладна за пяць хвілін зрабіць такую дынамічную, змястоўную і разам з тым вясёлую лекцыю, пра стан сучаснай літаратуры, каб людзі ведалі, што беларуская літаратура ёсць, што яна выдатная, што яна створана на выдатнай беларускай мове. І каб даведацца, што такое беларускі характар, беларускае каханне, што такое беларуская памяркоўнасць, што такое беларуская мужнасць, што такое беларуская здрада, то трэба чытаць беларускую літаратуру і класічную і сучасную. Бо на гэтыя пытанні, ёсць адказы ў Быкава, Караткевіча, Барадуліна, Гілевіча, Барыса Пятровіча, Эдуарда Акуліна і Уладзіміра Пракопавіча Някляева. Чытайце беларускую літаратуру!
Цалкам гутарку слухайце ў прыкладзеным аўдыёфайле.