Шведска-беларускія чытанні ў Мінску

Шведска-беларускія чытанні ў Мінску


У Беларусі праходзяць дні культуры Швецыі, у рамах якіх ужо адбыліся культурніцкія імпрэзы, між якіх канцэрт шведскага фольк-гурта "Hedningarna" і прэзентацыя шведска-беларускага праекту Зміцера Вайцюшкевіча "Чара".

Сёння жыхароў Мінска чакаюць літаратурныя чытанні, удзел у якіх возьмуць як беларускія пісьменнікі, так і госці са Швецыі, распавёў пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан.

- На літаратурныя чытанні прыехала ў тым ліку Катарына Фростэнсан, ёсць яшчэ там Ульф старк, дзіцячы пісьменнік вельмі цікавы і празаік Ула Лашму. Гэта ўсё адбудзецца ў вялікай аўдыторыі філалагічнага факультэта БДУ. Там уваход вольны, месца будзе шмат і спадзяюся, што і людзей будзе шмат, негледзячы на гарачае надвор’е.

Беларусь на шведска-беларускіх літаратурных чытаннях будуць прадстаўляць Алесь Пашкевіч, Аксана Спрынчан, Усевалад Сцебурака і Віктар Шалкевіч. Той жа шведска-беларускай літаратурнай кампаніяй выступоўцы наведаюць Пінск, прэзентаваўшы літаратурныя чытанні 3-га чэрвеня ў палесскім драматычным тэатры, а таксама брэсцкі цэнтр юнацкай творчасці, дзе выступ адбудзецца 4-га чэрвеня. Шведска-беларускія літаратурныя чытанні не стануць апошняй імпрэзай у рамах дзён культуры Швецыі. Беларусаў чакаюць выступ камернага хора Святога Юханеса, што адбудзецца 3 чэрвеня ў дзяржаўнай філармоніі ў Мінску, а таксама паказ цэлага шэрагу шведскіх кінафільмаў, які пройдзе з 7-га па 10-га чэрвеня ў кінатэатры "Цэнтральны" у Мінску.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя