|
|
У Мінску прайшла прэзентацыя новага праекта Змітра Вайцюшкевіча «Чара». Вершы шведскіх паэтаў у выкананні «WZ-orkiestra» прагучалі са сцэны мінскага «Палацу ветэранаў».
Негледзячы на тое, што апошнім часам шматлікія канцэрты Вайцюшкевіча ў беларускіх гарадах былі забароненыя, прэзентаваць новы шведска-беларускі праект у Мінску ўсё ж удалося. Больш таго прысутныя былі запрошаныя наведаць паўторную прэзентацыю, што адбудзецца ў той жа залі 7 чэрвеня. Але канцэртаў па іншых гарадах Беларусі пакуль зладзіць не выпадае, кажа Зміцер Вайцюшкевіч.
- Канечне, калі б не гэтыя чорныя спісы, я б вельмі хацеў, каб мы гэта паказалі ў Гродна, Брэсце, Магілёве, Гомелі і т.д. Можна сказаць, што нахалеру патрэбна ўвогуле паэзія, мы тут беларускую не так добра ведаем, але мне здаецца, што дзякуючы такім простым словам шведскіх паэтаў можна нешта для сябе знайсці, той хто не леніцца шукаць, той у большасці выпадкаў знаходзіць.
На канцэрце апроч звыклых аматараў творчасці Вайцюшкевіча, прысутнічалі таксама і паэты, у тым ліку швэдскія, палітыкі, між якіх Уладзімір Някляеў, а таксама дыпламатычныя прадстаўнікі розных краін, між якіх і чалавек, які паспрыяў не толькі рэалізацыі праекта «Чара» наогул, але і аргаізацыі яго прэзентацыі ў Мінску - пасол Швецыі Стэфан Эрыксан.
- Я вельмі задаволены тым, як гэта ўсё прайшло, была поўная зала і гэта радуе. І мне здаецца, што публіка ацаніла праект. Атрымалася, на мой густ, вельмі файна.
Апроч шведскай паэзіі па-беларуску, якая гучала ў першым аддзяленні канцэрта, у другой частцы імпрэзы «WZ-orkiestra» прадставілі праграму лепшых сваіх гітоў, прысвечаную 10-ці гадоваму юбілею калектыва, які музыкі святкуюць у гэтым годзе.