|
|
Юбілей свайго 15-годдзя адзначылі «Гарадоцкія навіны». З гэтай нагоды ў Гарадку на Падляшшы адбылася сустрэча журналістаў газеты з чытачамі. Былі ўспаміны і падзякі з боку жыхароў і ўлад Гарадка.
У сустрэчы ўдзельнічаў прафесар Лявон Тарасэвіч – выдатны беларускі мастак. Ён і сённяшні галоўным рэдактар Юрка Хмялеўскі – заснавальнікі выдання «Гарадоцкія навіны».
Паводле Лявона Тарасэвіча, каб існавала дэмакратыя – патрэбныя незалежныя СМІ:
– Ва ўсякіх дэмакратычных пачынах, калі мы хочам, каб яны былі добра зроблены, павінны прысутнічаць тры сілы – адна з іх гэта газета, другая – нейкая палітычная групоўка, а трэцяя – самакіраванне, якое і займаецца працай. Дзеянне гэтых трох сілаў, калі яны ўзаемна сябе кантралююць, прыводзіць да вельмі добрага эфекту. Калі застаюцца толькі дзве сілы, дык яны пачынаюць з сабою канкураваць, а калі нейкая падпарадкуецца, то застаецца ўжо толькі адна сіла.
Штомесячнік «Гарадоцкія навіны» выдае Таварыства сяброў Гарадоцкай зямлі. Артыкулы ў выданні на дзвюх мовах – беларускай і польскай. Яны закранаюць грамадска-палітычныя тэмы, якія тычацца мясцовай грамады.
Зоркай юбілейнай сустрэчы, якая адбылася ў Гмінным цэнтры культуры быў Зміцер Вайцюшкевіч.