Някляеў атрымаў “Глінянага Вялеса”

Някляеў атрымаў “Глінянага Вялеса”


Беларускаму паэту і палітыку Уладзіміру Някляеву ўручылі літаратурную прэмію “Гліняны Вялес”. Цырымонія ўзнагароджання з удзелам беларускіх літаратараў і грамадскіх дзеячоў прайшла ў Мінску на сядзібе беларускага ПЭН-цэнтра.

І хоць традыцыйна “Гліняны Вялес” уручаецца ў Полацку, такое выключэнне з правілаў толькі ўмацоўвае саму традыцыю літаратурнай прэміі, зазначыў яе заснавальнік, літаратар Алесь Аркуш.

- “Вялес” гэта адна з найстарэйшых літаратурных прэмій у Беларусі. Лаўрэат быў вядомы ўжо ў сакавіку, але Някляеву мы ніяк не маглі ўручыць прэмію, бо ён быў пад хатнім арыштам. Мы спадзяваліся, што пасля судоў з'явіцца магчымасць правесці гэтую імпрэзу. Усё атрымалася файна, як мы і меркавалі.

Прэмія “Гліняны Вялес”, якая штогадова прысуджаецца за найлепшую кнігу мастацкай літаратуры, была ўручаная Уладзіміру Някляеву за кнігу “Кон”. На імпрэзе аўтар прачытаў некалькі вершаў і падзяліўся з прысутнымі ўражаннямі ад атрымання прэміі.

Калі я дасягну сваіх палітычных мэтаў, то адразу ж сыду з палітыкі і вярнуся за пісьменніцкі стол, зазначыў Уладзімір Някляеў.

- Тое, што мае таварышы якраз не па палітыцы, але па паэзіі гэтым Вялесам мяне адзначылі, шчыра скажу мяне радуе. Літаратура была і застаецца для мне тым, што называюць “сэнсам жыцця”, па-за ёй я сябе не ўяўляю і не адчуваю.

Але “Гліняны Вялес” для Уладзіміра Някляева не стаў адзінай узнагародай на інаўгурацыйнай цырымоніі. Заснавальнік прэміі Алесь Аркуш уганараваў паэта ордэнам Беларускай Народнай Рэспублікі за адвагу ў барацьбе за сапраўдную Беларусь, які ўяўляе сабой копію існуючага ў БНР ордэна, замоўленага адмыслова да імпрэзы. Пасля афіцыйнай часткі імпрэзы, Уладзімір Някляеў падарыў прысутным свае кнігі, падпісаўшы асобнікі выданняў для ўсіх жадаючых.

Фота
  • Фота 1/3
  • Фота 2/3
  • Фота 3/3

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя