|
|
"Будзьма беларусамі!" Гісторыя Беларусі за 5 хвілін
Грамадска-культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" прэзентуе анімацыйны фільм па гісторыі Беларусі, які мае аднайменную з кампаніяй назву.
Стваральнікі мультфільма ставілі перад сабой мэту адлюстраваць шматвекавую гісторыю краіны за пяць з паловай хвілін і данесці сутнасць гістарычнага развіцця Беларусі ў лёгкай, даступнай кожнаму форме, кажа аніматар Юлія Рудзіцкая:
- Даводзілася вельмі доўга думаць, выбудоўваць усе акцэнты, каб можа быць не з першага прагляду а здругога, ці з трэцяга. Каб усё ж такі ўся гісторыя якая закладзена ў фільме, магла быць успрынятая гледачом, у вялікім спадзяванні на тое, што ў нас ужо ёсць звычка кліпавага ўспрыняцця, гэта дапамагае.
Саундтрэк да анімацыйнага фільма напісаў беларускі музыка Лявон Вольскі, а выканаў песню Аляксандр Памідораў. Першапачаткова прэзентацыя мультфільма для шырокага кола грамадскасці мусіла адбыцца падчас опэн-эйра "Канцэрт на траве", які з-за арганізацыйных праблем быў перанесены на 11 чэрвеня. Але стваральнікі мультфільма вырашылі не чакаць да новай даты правядзення канцэрту і прэзентаваць мультфільм у прызначаны час, зазначыла каардынатар кампаніі "Будзьма Беларусамі!" Алена Макоўская:
- Мультфільм будзе выкладзены ў інтэрнэт, ён ужо ў адкрытым доступе на tut.by, для ўсіх жадаючых, ахвочых яго праглядзець, на нашым сайце budzma.org, на нашым блоге budzma.tut таксама на youtube.com. Далей мы будзем размаўляць з нашымі беларускімі тэле, радыё каналамі, пра тое, каб паказваць гэты мультфільм на беларускім тэлебачанні. Каб дзяцей таксама знаёміць з гэтым мультфільмам, будзем працаваць са школай.
Ужо цяпер анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" дасяжны шырокаму колу гледачоў у інтэрнэце.