|
|
Выдавецтва “ЛогвінаЎ” адкрывае незвычайны арт-аб’ект
У мінскай кнігарні выдавецтва “ЛогвінаЎ” святкуюць дзень славянскай пісьменнасці, з нагоды якога адбудзецца адкрыццё незвычайнага арт-аб’екту пад назваю “Пачатак кніжных дарог Беларусі”. З’яўляючыся літаратурным прататыпам “Нулявога кіламетру”, што адмярае адлегласці да розных гарадоў, “Пачатак кніжных дарог” будзе адмяраць адлегласці да слынных літаратараў.
Аб’ект будзе інтэрактыўным і кожную хвіліну наведвальнікі кнігарні будуць мець магчымасць дамаляваць на ім улюбёнага літаратара, пазначыўшы адлегласць да яго ў любых мерах даўжыні. Першапачаткова ж на “Пачатку кніжных дарог Беларусі” будуць змешчаныя 18 імёнаў, між якіх чатыры беларускіх класіка – Скарына, Купала, Быкаў і Караткевіч, а таксама сучасныя беларускія літаратары, між якіх Адам Глобус.
- Я заўсёды хацеў стварыць такі літаратурны глобус, якія ёсць паэты, такія і добрыя паэты, мы ж не помнік робім на стагоддзі-тысячагоддзі, мы не будуем трэці рэйх, мы жывем, чым больш будзе прозвішчаў, тым лепш.
Адкрыццё “Пачатку беларускіх дарог” будзе адзначана святочнай імпрэзай, удзел у якой возьмуць беларускія літаратары, кажа арт-дырэктар кнігарні “ЛогвінаЎ” Павел Касцюкевіч.
- Звычайнае адкрыццё з пераразаннем стужачкі чырвонай, літаратары пачытаюць свае караценкія творы, мы перпарэжам стужачку, парадуемся яшчэ аднаму пачатку беларускіх каардынатаў.
Адбудзецца ж святкаванне дня славянскай пісьменнасці і адкрыццё “Пачатку кніжных дарог Беларусі” а 16:00 у кнігарні выдавецтва “ЛогвінаЎ”, што месціцца ў мінскай галерэі сучаснага мастацтва “Ў”.