Беларускі гурт “Князь Мышкін” святкуе сваё 20-годдзе

Беларускі гурт “Князь Мышкін” святкуе сваё 20-годдзе


Беларускі гурт авангарднай імправізацыйнай музыкі “Князь Мышкін” святкуе сваё дваццацігоддзе.

Першапачаткова святочны канцэрт мусіў адбыцца ў канцэртнай залі “Мінск”, але быў перанесены ў камерную атмасферу кавярні “Лісіная нара”, што зусім не засмуціла музыкаў. Калектыў з багатай творчай біяграфіяй заўжды гатовы да імправізацыі, як у музыцы, так і ў справе арганізацыі ўласных канцэртаў, кажа нязменны лідэр гурта “Князь Мышкін” Леанід Нарушэвіч.

- Не то, што гэта нешта такое будзе ўрачыстае з узнагародамі, проста збяруцца нейкія людзі, хтосьці пагуляе, хтосьці паслухае, мы не прытрымліваліся сцэнарыя, самі пайграем, людзям дадзім пайграць, зарубачка такая - дваццаць гадоў.

У імпрэзе акрамя самога гурта “Князь Мышкін” з віншаваннямі і выступамі возьмуць удзел сябры калектыва – спевакі Аляксандр Памідораў, Маша Яр, Інна Перасецкая-Малаковіч, паэты Віктар Жыбуль і Вера Бурлак, музычныя гурты “Белая косць”, “Балцкі субстрат”, “Інфрачырвоны выдых” ды іншыя. Святкаванне дваццацігоддзя гурта “Князь Мышкін” адбудзецца сёння а 19:00 у міскім кавярні “Лісіная нара”.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя