|
|
Студэнты афармляюць візы ўсім удзельнікам «Басовішча»
Беларускае аб’яднанне студэнтаў завяршае перамовы з консульскімі аддзеламі Польшчы ў Мінску і Гродне аб магчымасці выдачы неабмежаванай колькасці візаў для ўсіх ахвотных наведаць фестываль «Басовішча 2011», што пройдзе з 22 па 24 ліпеня ў Гарадку на Беласточчыне.
Асноўнае пытанне, якое паўстае – гэта як дамагчымя таго, каб атрымаўшыя візы фактычна прыехалі на «Басовішча», а не скарысталі з магчымасці атрымаць візу для іншых мэтаў, – кажа старшыня студэнцкага аб’яднання Кася Кузміч:
– Раней мы планавалі, каб людзі загадзя аплочвалі кошт намётвага гарадка, кошт транспарту на фестываль. Цяпер вядома, што не трэба будзе ўносіць такой аплаты, але будзе затое аплата турыстычнай фірме за тое, што яны збяруць ад людзей пашпарты, будуць таксама запаўняць анкеты. Мы хочам пазбегнуць сітуацыі, калі нехта памыліцца ў гэтай анкеце і ўвесь працэс атрымання візы будзе такім чынам зацягвацца. Кошт гэтай паслугі будзе прыблізна 30-40 тыс. беларускіх рублёў.
Беларускае аб’яднанне студэнтаў пакуль не называе фірмы, у якія можна будзе звярнуцца для атрымання візаў для наведвання фестывалю «Басовішча 2011». Пры гэтым Кася Кузміч адзначыла, што больш поўная інфармацыя з’явіцца бліжэйшым часам на інтэрнэт-сайце фестывалю.