Кніга Францішка Ляхоцкага выйшла ў беларускім перакладзе

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Наталля Герасімюк
8.10.2010


“Музей малой Айчыны” ў Студзіводах, што каля Бельска Падляскага, выдаў новую кнігу – двухмоўнае выданне паэмы Францішка Ляхоцкага “Палессе”. Пераклад на беларускую мову зрабіў паэт Віктар Швед.

Па словах выдаўца Дарафея Фіёніка, імя Францішка Ляхоцкага дагэтуль было яму не вельмі вядомае:

– Прызнаюся, што імя Францішка Ляхоцкага да зімы мінулага года было мне не вядомае. Неяк я не цікавіўся іміграцыйнымі пісьменнікамі. Але прозвішча Ляхоцкіх мне было вядомае здаўна – святара Яўгенія Ляхоцкага з Кракава, матушкі Еўдакіі. Такім пераломным момантам, калі нарадзілася ідэя выдання кнігі, быў вернісаж выставы "Вандроўкі па Палессю" ў Беларускім музеі ў Гайнаўцы. Матушка Еўдакія прыйшла на вернісаж і пажадала прачытаць верш свайго сваяка Францішка. Гэта быў той момант, калі я ўпершыню пачуў радкі паэта.

Паэт і перакладчык Віктар Швед:

– Францішка Ляхоцкага не ведаў раней, але ведаў Галіну Ляхоцкую, якая звярнулася да мяне з просьбай перакласці паэму прынамсі часткова. Гэтая паэма мне спадабалася, таму што ён піша аб гэтых палешуках з сэнсам, з перажываннем, і гэта мяне заахвоціла поўнасцю перакласці паэму на беларускую мову.

Матушка Еўдакія, у свеце Галіна Ляхоцкая:

– Францішак дасылаў кнігі свае, кнігі перапоўненыя прыгожымі вершамі на польскай мове, у якіх ён распавядаў пра роднае Палессе і пра Пружаны, у якіх ён нарадзіўся. Усё гэта ён дарыў майму бацьку, святару Кракаўскага праваслаўнага прыхода. Мы здзіўляліся, таму што пісаў да нас католік, пісаў з Амерыкі, імігрант, сібірак. Але мой бацька быў вельмі рады, ён сказаў, што гэтыя вершы евангеліцкія.

Дырэктар музея-сядзібы ў Пружанах “Пружанскі палацык” Юры Зялевіч:

– Пружанцы даўно ведаюць Ляхоцкіх. Яго вершаваная спадчына вядомая з далёкіх 30-х гадоў. Апошняя жыхарка, якая сябравала з Францішакам і якой ён даслаў амаль усе свае зборнікі вершаў, гэта была Варвара Іванаўна Шпакоўская. Яе дзеці перадалі ў наш музей гэтыя зборнікі і лісты ад Францішка Ляхоцкага з ЗША. Сёння ў Пружанах пражываюць нашчадкі Ляхоцкага.

У суботу, 9 кастрычніка, у Пружанах адбудзецца прэзентацыя кнігі Францішка Ляхоцкага “Палессе” у двухмоўным беларуска-польскім выданні. Прэзентацыя пачнецца а 14-ай ў музеі “Пружанскі палацык”. Раніцай таго ж дня ў саборы Аляксандра Неўскага (г. Пружаны) пасля літургіі будзе адслужана паніхіда па роду Ляхоцкіх.

Францішак Ляхоцкі (1899 – 1987), школьны інспектар, нарадзіўся ў Пружанах. Бязлітасны лёс двойчы ў жыцці застаўляў яго пакідаць родную старонку. Першы раз у 1915 годзе з бацькамі быў вымушаны блукаць па Расіі, а другі – у час Другой сусветнай вайны, калі савецкае войска заняло ўсходнюю частку Польшчы. Тады ён быў арыштаваны і сасланы ў лагер, а яго сям’я ў складзе 6 чалавек у час масавай дэпартацыі 1940-41 гг. была вывезена ў Казахстан.

“Па амністыі” ў 1941 годзе ім удалося пакінуць ссылку і дабрацца да Арміі генерала Андэрса, што якраз фарміравалася. З арміяй у 1942 годзе пакінуў Савецкі Саюз, потым быў уключаны ў I корпус у Шатландыі, а яго сыны з другім корпусам пайшлі на італьянскі фронт. Пасля вайны скончыў курсы садаводства і агародніцтва і потым працаваў па гэтай спецыяльнасці. У 1950 годзе эмігрыраваў з жонкай у Злучаныя Штаты, там займаўся фізічнай працай да самой пенсіі. З думай пра любае Палессе напісаў некалькі паэтычных зборнікаў: “Гнёзды ластавак” (1970), “Дом з лістоўніцы” (1971), “На бярозавай кары” (1980), “За карункавыя вечары” (1984) і “Палессе” (1987).

Памёр у 1987 годзе і пахаваны ў Дойлстаўне (Пенсільванія), які называюць польскай Чанстаховай у Злучаных Штатах.(паводле кнігі “Брэст – горад незабыўны” Дануты Вашчукуўны-Камянецкай).

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя Фота: cerkov.by