|
|
Пад такой назвай ў музеі-сядзібе "Пружанскі палацык" адкрылася выстава работ вядомага габрэйскага мастака Машэ Бярнштэйна. Мастака і паэта, чалавека, які дасканала спазнаў жахі Другой сусветнай вайны і знатаваў яе назаўсёды ў сваёй памяці. На выставе прадстаўлены цыкл яго графічных работ "Габрэйскія дзеці", створаны ў 1973 году.
Машэ Бярнштэйн у адмысловай сентыментальнай манеры выяўляе памяць пра габрэйскую культуру, якая сышла назаўжды. Пажыццёвы плач, няўціхлы душэўны боль пра блізкіх, па-пакутніцку загінулых у агні Халакоста, і паважны смутак напоўнілі яго палотны. У іх адбіліся хваравітыя сны мастака, якія мучылі яго ўсё жыццё. Пахіснуліся дахі старых хат, якія захоўвалі тайны самазабыўных матчыных малітваў. Побач з імі схілілі свае галовы бяздольныя габрэйскія дзеці, і іх слёзы гарачым воскам падаюць на зямлю. Цёмныя, як сухія лісцікі на ветры, абрысы. Састараныя, закатаваныя Асвенцымам твары. Бяздонныя патухлыя вочы. Ва ўсім адчуваецца непазбежны поступ смерці, быццам бы Бярнштэйн, як сапраўдны сын, быў са сваім народам у апошнюю хвіліну.
Лейтматывам усяго жыцця мастака-паэта былі словы: "Я - вечная свечка майго згарэлага народа". Але свечка патухла пяць гадоў назад, пакінуўшы сваё выразнае адлюстраванне на незабыўных палотнах.
Сам Машэ Бярнштэйн нарадзіўся ў 1920 году ў г.Бяроза ў сям'і артадаксальных габрэяў. У раннім дзяцінстве выявіў свой талент жывапісца і паэта. Прафесійную адукацыю атрымаў у Мастацкай Акадэміі г. Вільня, дзе вучыўся з 1935 года, пакуль не ўспыхнула вайна. У 39-м апынуўся па ўсходні бок новай мяжы. Калі фашысты звозілі габрэяў у Беластоцкае гета, ён бег і быў эвакуяваны ў Саратаў. Некалькі гадоў працаваў у калгасе, пазней падзарабляў мастаком у адной з вытворчых майстэрняў. Адарванасць ад блізкіх і затым - іх трагічная пагібель ад рук фашыстаў назаўжды пакінулі незагойную рану ў душы Бярнштэйна. Восем гадоў, пражытыя маладым мастаком у становішчы чалавечага гора і нагодаў вайны, адбіліся на фармаванні знойдзенага ім стылю.
У 1947 годзе Машэ выехаў у Ізраіль і, пройдучы, як і шматлікія, праз англійскія лагеры на Кіпры, у год нараджэння новай дзяржавы стаў яго грамадзянінам. У жніўні 1948 года быў мабілізаваны ў войска абароны Ізраілю. А праз год ужо стаў удзельнікам выставы "Аманім алім" - "Мастакі-рэпатрыянты". Поўнае прызнанне атрымаў пасля персанальнай выставы ў прэстыжнай тэль-авіўскай галерэі "Кац". Больш за паўстагоддзя насычанай творчай працы адбылося звыш 50 выстаў з яго ўдзелам. Шматразова ён ганаруецца імяннымі прэміямі, званнямі, медалямі. Яго працы некалькі разоў экспанаваліся ў Расіі, ЗША, Францыі, Галандыі і Італіі. У 1998 годзе карціны Бярнштэйна экспанаваліся на міжнародным фэсце тэатра ў Парме (Італія), у 1999 за "дакументацыю зніклага габрэйскага свету" мастак атрымаў узнагароду Інстытута Вывучэння Халакоста (Ізраэль).
Бярнштэйн выдатна валодаў і тэмперай, і акрылавымі фарбамі, але цяжкая алергія не дазваляла доўга працаваць у гэтай тэхніцы. Любімым яго матэрыялам была туш. І трэба сказаць, выпрацаваная Бярнштэйнам адмысловая манера "чорным па беламу" найлепш падыходзіла для настальгічнай і трагедийной тэматыкі яго твораў. Пра арыгінальны почырк Бярнштэйна выдатна і лаканічна сказаў яго шматгадовы сябар і паплечнік, паэт Аўраам Суцкевер: "Яго чорна-белае відаць нават у цемры".
Па праве Машэ Бярштэйна можна назваць выдатным мастаком-паэтам. Ён стварыў непаўторныя творы жывапісу, малюнка і графікі. За ўсё сваё доўгае і насычанае творчае жыццё Моше не імкнуўся за навамоднымі павевамі. Ён заўсёды быў самадастатковы, адасоблены ў тэматыцы. Яго лічылі двойчы фанатыкам: як мастака і як паэта. Але і ў тым, і ў другім амплуа ён быў фанатыкам адной тэмы - Халакоста. Часы габрэйскага мястэчка, яго побыт, уклад апаэтызаваны гэтым вялікім майстрам з сілай, супастаўнай з творчасцю Марка Шагала.
Вялікі ілюстраваны планшэт з 12-ю арыгінальнымі работамі і 12-ю ілюстраванымі аркушамі з вершамі мастака прэзентаваў музею наш зямляк, бізнэсмэн Аўраам Харшалом, які цяпер пражывае ў г. Рышон-ле-Цыён каля Тэль-Авіва. Яго з Бярнштэйнам звязаў падобны лёс – ён бачыў сваімі вачамі жахі Асвенцыма, дзе навечна засталася ўся яго вялікая сям'я, якая жыла калісьці на вуліцы Тармасова ў г.Пружаны. Аўраам Харшалом з'яўляецца ініцыятарам стварэння мемарыяла памяці ахвярам пружанскага гета.
Я не забыўся. Мне не спыніцца:
Шукаю твары мне знаёмыя з дзяцінства,
Шукаю іх часцінку, семіцкі профіль тонкі,
Шукаю вочы габрэйскага дзіцяці
і чую голас звонкі.
(М.Бернштейн "Роздумы")
Алена Зялевіч,
старшы навуковы супрацоўнік
музея-сядзібы "Пружанскi палацык"