|
|
Х. Лялько: Народ павінен звяртацца да Бога на роднай мове
Апошнім часам у Беларусі пабольшала літаратуры духоўнага, рэлігійнага характару, і найперш літаратуры беларускамоўнай. Гэта стала асноўнай тэмай размовы з галоўным рэдактарам часопісаў “Наша Вера” і “Ave Maria” Хрысцінай Лялько, якая наведала Беласточчыну.
Гутарыць Яна Запольская.
Вашыя сувязі з Беласточчынай, з Беластокам, у якім мы зараз знаходзімся, і асабістыя, і творчыя, ужо дастаткова трывалыя…
– Сапраўды так ёсць. Па-першае, я нарадзілася на хутары пад Лідай, а далёка тут тая Ліда. На Беласточчыне жыла і жыве мая радня. Па-другое, склаліся добрыя, сяброўскія літаратурныя сувязі. Я ўспамінаю свае вандроўкі яшчэ 20-гадовай даўнасці сюды, на Беласточчыну, калі сустракалася і пазнаёмілася з тымі людзьмі, якія тады тварылі і працавалі ў “Ніве”: з Адаю Чачугаю, скажам, тады ж пазнаёмілася з Сакратам Яновічам, з Віктарам Шведам. Я толькі-толькі пачынала нешта сваё пісаць і памятаю, якая гэта была цёплая сустрэча, якія былі цікавыя размовы, як мяне ўразіла кніга Сакрата Яновіча “Białoruś, Białoruś”, я яе прачытала тады на польскай мове. І я чула, чытаючы менавіта беластоцкіх пісьменнікаў, наколькі яны па душы блізкія, па духу. Я адчувала тое, чаго нам можа не хапала, калі мы сябе спрабавалі выказаць. Тут было больш свабоды нават у той час выказвання сваёй душы. У нас таксама ёсць частка сучасных пісьменнікаў, якія нарадзіліся на хутарах. І мы да гэтай хутаранскасці сваёй неяк так сарамліва прызнаваліся, як і да сваёй вясковасці. А тут заўсёды, калі я чытала, то чалавек пісаў пра свой хутар, пра гэтыя палеткі, пра гэты ўклад жыцця. І толькі пасля я для сябе ўсвядоміла, што я па сваёй сутнасці – хутаранка. І мы з Данутай Бічэль пра гэта гаварылі, і з Мар’янам Дуксам, і з Міхасём Скоблам. Нас шмат хутаранцаў. Але я гэтую хутаранскасць сваю найперш прачытала, убачыла, усвядоміла праз беластоцкіх пісьменнікаў.
Калі казаць і пра Беласточчыну, і пра Беларусь, то вашае імя найперш асацыюецца з літаратурай духоўнага, рэлігійнага характару. У мяне складваецца такое ўражанне, што апошнім часам такой літаратуры стала больш, і менавіта беларускамоўнай літаратуры…
– Мушу з вамі з радасцю згадзіцца ў гэтым сэнсе. Сапраўды, я сама для сябе адкрыла з радасцю, што гэтай паэзіі, гэтай прозы, гэтай эсэістыкі стала значна больш. Па-першае, і час, калі можна прызнавацца да сваёй хутаранскасці, да сваёй самаснасці, да таго, якім ты ёсць. Скажам, ніхто і ніколі ў маёй маладосці ці ў юнацтве, калі мы студэнтамі былі, калі мы пасля ў літаратуру ўваходзілі, ніхто і ніколі не казаў, што я – праваслаўная, я – каталічка. Для нас гэта было такое табу, мы пра гэта неяк не гаварылі. І цяпер можна выказаць сябе як хрысціяніна, сваю самаснасць, сваю духоўнасць. Гэта вельмі важна, калі чалавек можа прамовіць, звяртаючыся да Бога. І ў нас, у Беларусі, сапраўды цяпер ствараецца пласт літаратуры духоўнай. Цэлая пляяда беларускіх творцаў звяртаецца да духоўнай тэматыкі. Але часам, калі мне тэлефануюць і прапануюць свае творы нашыя многія пісьменнікі, яны кажуць, што “слухай, няма такой выразнай духоўнай скіраванасці ў маіх творах, у мяне, скажам, пейзажная лірыка”. Я заўсёды кажу, што такая лірыка таксама можа быць духоўнай, таму што, калі вы пішаце пра прыгажосць свету, які стварыў Бог, то гэта таксама духоўная лірыка. Часопісу “Наша Вера” ёсць каго друкаваць. І я для сябе з радасцю кажу, што нездарма мы шаснаццаць гадоў таму заснавалі гэты часопіс. Ёсць дзе нашым творцам друкавацца.
Гаворачы пра духоўную літаратуру, пра часопіс “Наша Вера”, мы маем на ўвазе менавіта літаратуру беларускамоўную. Вось гэты фактар мовы і для часопіса, і для вас асабіста, наколькі ён важны?
– Вельмі важны. Калі толькі ў нас узнікла ідэя гэтых рэлігійных часопісаў, бо я рэдактар часопіса “Наша Вера”, які больш вядомы сярод інтэлігенцыі, але я таксама рэдактар часопіса “Ave Maria” – гэта месячнік, які мае наклад амаль 10 тысяч, для беларускамоўнага выдання гэта вялікі наклад вельмі, ведаеце, і для мяне тады пытанне мовы было прынцыповым. У нас даўно склаўся стэрэатып, што калі католік – то паляк, калі праваслаўны – то рускі. А дзе ж беларусы? Спрадвеку былі беларускія святары каталіцкія: і Сваяк, і Станкевіч, і многія-многія іншыя. І яны таксама нам пакінулі спадчыну. Мы працягваем іх запавет вось гэты, таму што Каталіцкі Касцёл – гэта паўсюдны Касцёл, няма італьянскага, французскага, ёсць Каталіцкі паўсюдны Касцёл, які ў кожнай краіне павінен размаўляць і прамаўляць да людзей на мове народу. І гэта было прынцыповае пытанне, бо мова – гэта дар Духа Святога. І ён дадзены народу, і народ павінен звяртацца да Бога на сваё мове роднай. А каб данесці да народа Слова Божае, павінна дапамагаць наша прэса, каталіцкая ці праваслаўная, менавіта на мове беларускай. І пакуль я буду рэдактарам гэтых выданняў, то так і будзе.
Гутарыла Яна Запольская.
Поўнасцю гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.