Новыя кнігі «Белавежы»

Новыя кнігі «Белавежы»


Тры новыя кнігі трох аўтараў былі прэзентаваны падчас сустрэчы сябраў Беларускага літаратурнага аб’яднання «Белавежа», якая прайшла ў Беластоцкім універсітэце.

Прэзентацыі папярэдзілі выступы мінскіх аўтараў: рэдактара часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» Хрысціны Лялько і паэткі і перакладчыцы Аксаны Данільчык. Госці не толькі пазнаёмілі прысутных са сваёй творчасцю, але таксама запачаткавалі дыскусію наконт сітуацыі ў сучаснай беларускай літаратуры.

Пазней старшыня «Белавежы», прафесар Ян Чыквін (на тытульным фота) прадставіў прысутным новыя кнігі і іх аўтараў:

– У «Жураўлінай журбе» пані Лідзіі Маліноўскай маем дачыненне з вельмі цікавым дэбютам у жанры лірычнай мініяцюры. Прычым, гэтыя лірычныя мініяцюры выплываюць з глыбокага асабістага вопыту. «Выбранае» да 70-годдзя Валодзі Гайдука – гэтага надзвычайна таленавітага чалавека. Тое, што ён напісаў, патрабуе дакладнага аналізу, інтэрпрэтацыі – гэта вельмі прафесіянальная паэзія. Паэзія выпакутаваная. І Кацярына Сянкевіч – кніга, вось, пад такою вельмі паэтычнаю назвай «Дачка ружы».

Кацярына Сянкевіч - самая маладая ўдзельніца сустрэчы і літаб'яднання. Дзяўчына мае 20 гадоў і завяршае навучанне ў Супрасльскім мастацкім ліцэі. На вокладцы кнігі - нацюрморт яе аўтарства. Усе кнігі выйшлі ў Бібліятэцы літаратурнага аб’яднання «Белавежа».

Таксама падчас сустрэчы «белавежцаў» выступіў галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва» і дырэктар Радыё Рацыя Яўген Вапа, які распавёў пра ініцыятыву паклікання ў Польшчы Інстытута для нацыянальных меншасцяў. Ён адзначыў, што сітуацыя вакол стварэння Інстытута пакуль адкладзена, але выказаў спадзяванне, што гэта справа будучыні.

Фота
  • Фота 1/4
  • Фота 2/4
  • Фота 3/4
  • Фота 4/4

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя