|
|
Каля 100 асоб адпачывала ў клубе “Фама” пад музыку мінскага NRM і беластоцка-гарадоцкага гурта RIMA. Першы раз за апошнія тры гады NRM прыехаў у Беласток.
Прагучалі старыя і зусім новыя песні. Ад пэўнага часу гурт выступае без Лявона Вольскага. Музыкі вырашылі не шукаць новага франтмена. Некаторыя ўдзельнікі канцэрта нават не ведалі пра адыход Вольскага, што было для іх вялікай неспадзяванкай. Паводле слоў гітарысты Піта Паўлава, пасля зменаў гурт знова малады.
- Не сакрэт, калі гурт грае шмат год адное і тое ж, адным складам, ён становіцца як бы дарослым, ужо няма той энергіі, як у маладога гурта. Але я адчуваю сябе, як тады, на пачатку, – усё новае, вельмі шмат новых спробаў, новых ведаў, слухаю і аналізую многа новай музыкі, таму з'явіліся новыя ідэі, нават з'явіліся некаторыя кавалкі тэксту, хоць яшчэ песні няма, але задумы ёсць. Гэты стан прыемны.
Вясною і на пачатку лета ў NRM запланаваны канцэрты на Беларусі. Дакладных датаў і месцаў няма. Паводле музыкаў, гэта таму, каб не было адменаў і забаронаў з боку ўладаў. NRM зайграе таксама восенню ў Польшчы – між іншым у Вроцлаве і Гданьску.