"Рыбін горад" Наталкі Бабінай выйшаў па-польску

Бібліятэкар

Беларускае Радыё Рацыя, Васіль Кроква
7.10.2010


У польскім выдавецтве Rebes пабачыў свет раман беларускай пісьменніцы Наталкі Бабінай "Рыбін горад". Гэты твор у Беларусі выйшаў кнігай у 2007 годзе ў серыі "Кнігарня "Нашай Нівы". На польскую мову раман пераклала вядомая перакладчыца Малгажата Бухалік.

Наталка Бабіна ўражана, як сур'ёзныя польскія выдавецтве ставяцца да рэкламнай кампаній выдадзеных кніг.

- Кніжка выйшла на пачатку кастрычніка гэтага году ў Польшчы ў выдавецтве Rebes. І выдавецтва мяне запрасіла ў прома-тур, які будзе ўключаць у сябе працу ў шэрагу польскіх гарадоў, пачынаючы з Варшавы, потым будзе Кракаў, там будзе праца на Кракаўскім кніжным кірмашы. А потым будзе праца ўздоўж польскай мяжы на ўсходзе - адбудуцца прамацыйныя мерапрыемствы ў Ольштыне, Беластоку і Бялападлясцы. Гэта будзе на пачатку лістапада.

Наталка Бабіна — нарадзілася на памежжы Беларусі, Украіны і Польшчы на Брэстчыне ў вёсцы Заказанка. Жыве пад Мінскам у Ждановічах. Піша па-беларуску і па-ўкраінску.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя