|
|
Падведзены вынікі Гайнаўскіх Дзён Царкоўнай музыкі
Хор імя В. Палкіна Харкаўскай філармоніі здабыў Гран-пры Міжнароднага фестывалю «Гайнаўскія дні царкоўнай музыкі», перамогшы ў сваёй катэгорыі дзяржаўны хор Беларусі імя Цітовіча.
Па словах кіраўніка хору з Украіны Андрэя Сіраценка, гран-пры – гэта знак таго, што цяжкая штодзённая праца не пайшла на пустое:
– Для нас гэта абазначае, што ўсе нашы штодзённыя намаганні на рэпетыцыях пайшлі не на пустое. Для нас вельмі важна, каб мастацтва, якое нясем мы да людзей, было ім патрэбна. Дзякуючы такім фестывалям мы маем магчымасць выконваць і даносіць да людзей сваё мастацтва – гэты момант для нас вельмі важны.
У Фестывалі ў розных катэгорыях прымалі ўдзел чатыры хоры з Беларусі, тры з іх атрымалі першыя, а адзін трэцяе месца ў сваіх катэгорыях.
* * *
Тры першыя ўзнагароды і адна трэцяя ў розных катэгорыях удзельнікаў Міжнароднага фестываля "Гайнаўскія Дні Царкоўнай музыкі" паедуць у Беларусь. Акадэмічныя хоры, дзіцячыя і прафесійныя – сярод хораў гэтых катэгорый беларусы былі найлепшымі.
У Гайнаўскім доме культуры аб’яўлены вынікі фестываля. Па словах сябры конкурснага журы Уладзіміра Лябецкага, вызначыць найлепшых было вельмі складана, бо царкоўны спеў – гэта не спартовыя спаборніцтвы:
- Тут справа ўжо не спаборніцтваў. Па нейкіх параметрах трэба, канешне, ацэньваць той ці іншы хор, але гэта не спорт, дзе мы можам убачыць, хто далей скочыў, ці хутчэй за другога прыбег да фінішу, гэта ўсё ж такі мастацтва. Можа тут больш эмацыйныя адзнакі – каму гэта спадабалася больш, каму менш. Але я не лічу, што ёсць нейкая вялікая розніца паміж гэтымі ўсімі пераможцамі першых месцаў і гран-пры.
У катэгорыі дзіцячых хораў першае месца атрымаў хор прыходу Усіх Беларускіх Святых у Гродна, дзіцячы хор “Адраджэнне” з Гомеля апынуўся на трэцім месцы. У катэгорыі хораў музычных вучэльняў найлепшым стаў хор педагагічнага аддзялення Музычнай акадэміі ў Магілеве, у катэгорыі прафесійных хораў на першае месца выйшаў Дзяржаўны хор Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, але Гран-пры фестываля дастаўся хору імя В. Палкіна філармоніі ў Харкаве.