Тысячы жыхароў Беластока наведалі музеі горада

Тысячы жыхароў Беластока наведалі музеі горада


Тысячы беластачан прымалі ўдзеў у «Ночы музеяў», якая прайшла ўжо восьмы раз. У гэтым годзе беластоцкія музеі падрыхтавалі мноства цікавінак. Былі канцэрты, выстаўкі, варштаты, конкурсы і дзясяткі іншых мерапрыемстваў.

У ратушы прэзентавалі выстаўку фотаздымкаў Беластока з васмідзесятых гадоў. У падвале палаца Браніцкіх сарганізавалі палявы шпіталь з часоў другой сусветнай вайны, дзе санітаркі маглі перавязаць кожнага наведвальніка. Познім вечарам з-пад Драматычнага тэатра пачалася экскурсія па вуліцы Кілінскага. Экскурсанты даведаліся пра гісторыю звязану з кожным будынкам.

Перад кожным музеям выстройваліся доўгія чаргі. Паводле большасці людзей, варта было крыху пачакаць:

– Я толькі што быў у Палацы Браніцкіх, дзе пазнаёміўся з рэканструкцыяй старой аптэкі, а таксама паглядзеў актавую залу. У звыклы дзень у чалавека няма часу, а таксама незаўжды пускаюць у палац у такі звычайны дзень. Сёння паўсюдна натоўпы людзей, дык ідэя «Начы музеяў» як найбольш сябе апраўдвае – маем вечар, пачынаюцца выходныя, у людзей свабодны час, яны напэўна ахвотны прыйдуць ды глытнуць трошкі культуры замест глытаць піва ў піўных агародчыках горада.

Розныя атракцыёны падрыхтавалі таксама аддзелы беластоцкага музея ў іншых гарадах. У Тыкоціне можна было наведаць сінагогу і адбыць гістарычную экскурсію па горадзе. У музеі іконаў у Супраслі прэзентавалі копцкія іконы.

«Ноч музеяў» – агульнаеўрапейская ініцыятыва. Упершыню яна адбулася ў Берліне ў 1997 годзе. Зараз праводзіцца ў больш чым 120 гарадах Еўропы.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя