Канцэрт у падтрымку ахвяр тэракта

Канцэрт у падтрымку ахвяр тэракта


Дабрачынны канцэрт з мэтай сабраць сродкі і выказаць падтрымку ахвярам тэракта 11-га красавіка адбыўся ў Мінску. Сваю неабыякавасць прыйшлі выказаць беларускія мастакі, літаратары беларускага ПЭН-цэнтру і музыкі, які ўзялі ўдзел у канцэрце.

Са сцэны чыталі вершы паэты, між якіх Уладзімір Арлоў, Алесь Разанаў, Віталь Рыжкоў ды іншыя, спявалі Наста Шпакоўская з гурта “Нака”, Аляксандр Памідораў, гурт “Акана”, оперныя спевакі, этна-трыо “Троіца” ды джаз-гурт “the Outsiders” - калектыў ініцыятара і арганізатара дабрачыннай акцыі, музыкі Паўла Аракеляна.

- Канечне я разлічваў на больш гасцей, якія пажадаюць падтрымаць сваіх суайчыннікаў, але ж той, каму гэта было патрэбна, прыйшоў. Наогул мы задаволеныя ў любым выпадку, што гэта адбылося. Спадзяюся, што нейкую інфармацыю ўдалося данясці да тых людзей, якія могуць аказаць нейкую дапамогу яшчэ.

На канцэрце прысутнічалі таксама і сваякі пацярпелых ад тэракта ў мінскім метро, між якіх сябра Андрэя Ільіна, які ў рэзультаце выбуху страціў зрок, Дзмітрый Асмалоўскі.

- Гэта рэальная дапамога ўсім пацярпелым, гэта падтрымка пацярпелых і іх сем'яў. Выдатныя людзі, знайшлі ў сабе сілы, знайшлі час правесці гэтую выдатную акцыю, дапамагчы пацярпелым.

Акрамя выступу беларускіх творцаў на мерапремстве адбыўся распродаж кніг беларускіх літаратараў і плыт беларускіх музыкаў, сродкі ад якога, як і прыбытак з прададзеных на канцэрт квіткоў, адразу ж пасля акцыі былі перададзеныя прысутным сваякам пацярпелых. Дабрачынны канцэрт у падтрымку ахвярам тэракта ў мінскім метро можна будзе пачуць у рэтрансляцыі сенняшнім вечарам а 21:00 па беларускім часе на хвалях Радые Рацыя.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя