|
|
Сёлета ўвесь літаратурны сусвет адзначае 100-годдзе легендарнага польскага паэта, набеліста Чэслава Мілаша. Шэраг краін абвесцілі 2011-ы годам Мілаша. У гэтыя дні ў Кракаве, дзе ён жыў апошнія гады свайго жыцця і пахаваны, адбываецца літаратурны фестываль, прысвечаны юбілею славутага пісьменніка. Беларусь на ім прадстаўляе старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, паэт Андрэй Хадановіч.
Сёння ён прыехаў у Беласток і выступіў у Беластоцкім універсітэце перад мясцовымі аматарамі прыгожага пісьменства. Хадановіч распавёў пра сваё ўспрыманне творчасці Чэслава Мілаша, чытаў уласныя пераклады мілашаўскіх вершаў, расказаў пра рыхтуемы 4-томнік перакладаў на беларускую мову творчасці Мілаша:
- Я прывёз з сабою ў Беласток 51-шы нумар часопісу “Дзеяслоў! З разгорнутай публікацыяй прысвечанай стагоддзя Мілаша, новыя пераклады вершаў, нобелеўская лекцыя, фрагменты ягоных амерыканскіх лекцыяў: так званых Гарвардскіх лекцыяў. Мы чакаем ад укладальніка, да рэдактараў, ад карэктараў, ад дызайнера, каб усё было зроблена і чакаем вялікага 4-томніка выбраных твораў. Гэта не поўны Мілаш, але безумоўна найпаўнейшы з магчымых сёння па-беларуску.
Андрэй Хадановіч таксама чытаў уласные вершы, адказваў на пытанні прысутных на імпрэзе, распавёў пра тыя захады, якія робіць Беларускі ПЭН-цэнтр у справе вылучэння Ўладзіміра Някляева на Нобелеўскую прэмію. Імпрэза адбылася ў рамках традыцыных літаратурных сустрэч, прысвечаных беларускаму прыгожаму пісьменству, якія ладзяцца кафедрай беларускай культуры Беластоцкага ўніверсітэта.