|
|
Лявон Вольскі прэзэнтаваў сольны праект у Берасьці
Беларуская клясычная паэзія загучала й набыла колеры. У Берасьці 28 красавіка ўпершыню выступіў Лявон Вольскі з сольнай праграмай “Белая яблыня грому”.
Са сцэны прагучалі творы на вершы Багдановіча, Геніюш, Чачота, Купалы й Коласа, Міцкевіча, Багушэвіча, Куляшова, Панчанкі й іншых клясыкаў. Вядомыя з урокаў беларускай літаратуры радкі ажылі ў памяці, аздобіліся вобразамі й адгукнуліся ў сэрцы. Берасьцейцы пад кіраўніцтвам Лявона вучылі словы купалаўскага “Гэй, наперад!”.
Прэзэнтацыя кружэлкі, у якую ўвайшлі 12 твораў вядомых беларускіх аўтараў, атрымалася насычанай спрадвечнымі мастацкімі вобразамі. Размаўляем са сп. Лявонам пра тое, як узнікала ідэя, якая ўрэшце вылілася ў праект з глыбока адукацыйным характарам.
Лявон Вольскі: Творчасьць пачынаецца з кайфа – чытаеш і думаеш: “Опа! Гэта ж класна было б зрабіць у рэпе!”. І парадаксальна тое, што атрымоўваецца з заімшэлых шэрых партрэтаў у кабінэтах беларускай мовы. Што такое Пятрусь Броўка ці “Цьвёрда трымаўся юнак на дапросе” (Куляшоў, “Камсамольскі білет” – Р.М..) Аўтары гэтых вершаў пісалі іншыя вершы, вельмі й вельмі таленавітыя, дзе ўсё нармальна з рытмам, і з рыфмай класна. Ёсьць абсалютна знакавыя рэчы.
Прыкладам знакавай творчасьці Лявон Вольскі называе верш Рыгора Барадуліна “Белая яблыня грому”, які нясе сакрамэнтальны сэнс.
Лявон Вольскі: Я ўжо маўчу пра Барадуліна... “Белая яблыня” – сакрамэнтальны верш, праз год пасьля напісаньня песьні дайшоў сэнс таго, што я сьпяваю.
Белая яблыня грому
Чорных cадоў ліхалецце.
Яблык яе нікому
Не пажадаю на свеце.
Голая яблыня грому
Жахам жагнала прысмерк.
Пэўна, што д’яблу самому
Помніцца горкі прысмак.
Светлая яблыня грому
З салаўінае усяночнай.
Ласкавага яблыка стому
Я надкусіў аднойчы.
Ціхая яблыня грому,
Першага мілага гневу.
Позірку маладому
Праглася бачыць Еву.
Добрая яблыня грому,
Радасцю поўні наўколле!
Хай жа ня будзе злому
Голлю твайму ніколі.
Белая яблыня грому,
Клопатам, гаманою
І на апошнюю строму
Светла ўзыдзі са мною.
Словы Рыгора Барадуліна, 1977
Лявон Вольскі прыехаў у самы разгар вясны. Белы й сьвяточны горад як ніколі быў сугучны назве праекту. Музыкант дзеліцца сваімі ўражаньнямі з Беларускай Службай Польскага Радыё.
Лявон Вольскі: У Берасьці заўсёды цяплее, чым у нас. Тут ужо ўсё распусьцілася, квітнее, усё разбуяла. І прыемна на пірамідальныя таполі вашыя глядзець, якіх у нас няма.
Амаль месяц прайшоў з моманту прэзэнтацыі кружэлкі на вершы беларускіх паэтаў ў Менскім Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я.Купалы. За гэты час канцээрты ўжо адбыліся ў Горадні й Берасьці. Лявон Вольскі з праграмай “Белая яблыня грому” плянуе наведаць іншыя беларускія гарады.