Адкуль паходзіць традыцыя Радаўніцы й як яе адзначаць?

Адкуль паходзіць традыцыя Радаўніцы й як яе адзначаць?


На 9-ы дзень пасьля Пасхі праваслаўныя беларусы адзначаюць Радаўніцу – дзень ушанаваньня памяці памерлых. Адкуль пайшло гэтае сьвята й як яго правільна адзначаць? – запыталіся мы ў этнографаў і сьвятароў.

“У гэты дзень да абеду пашуць, па абедзе плачуць, а ўвечары скачуць,” – кажа народнае прыслоўе пра Радаўніцу. Традыцыя гэтага сьвята сягае дахрысьціянскіх часоў. У рэчаіснасьці, Радаўніца – гэта адна з разнавіднасьцяў Дзядоў – дня продкаў, які калісьці адзначаўся чатыры разы на год. Пра гэта расказвае этнограф, выбітны знаўца беларускай міталёгіі Ўладзімер Васілевіч.

У. Васілевіч: Дзяды адзначалі ў Беларусі як мінімум чатыры разы на год: зімой, вясной, летам і восеньню. Кульмінацыяй гэтага цыклу была Радаўніца. Цікава, што ў савецкія часы нідзе ў друку слова “Дзяды” не прыгадвалася. Улада імкнулася забіць памяць пра мінуўшчыну. А гэтая народная памяць найлепшым чынам праяўлялася ў правядзеньні Радаўніцы.

Дарэчы, далёка не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі Радаўніца адзначаецца на 9-ы дзень пасьля Пасхі. Кожная мясьціна мае сваю традыцыю, кажа Ўладзімер Васілевіч.

У. Васілевіч: Па-першае, не на ўсёй тэрыторыі Беларусі Радаўніца адзначаецца. На Заходнім Палесьсі яе сьвяткуюць на чацьвёрты дзень пасьля Вялікадня. У некаторых раёнах на могілкі ідуць на Вялікдзень. На поўначы Беларусі ды на ўсходзе Радаўніцу адзначаюць у суботу перад Сёмухай.

Сярод навукоўцаў няма аднаго меркаваньня наконт паходжаньня слова “Радаўніца”. Этнографы шукаюць яе каранёў ў балцкіх мовах і нават у санскрыце, – расказвае Ўладзімер Васілевіч.

У. Васілевіч: Тлумачаць назву, зьвяртаючыся да вэдыйскага слова rad – “ахвярадаўства”, летувіскага raudás – “галашэньне”, можна ўлавіць сувязі са славянскімі каранямі “род”, “радзіцца”. Але часьцей за ўсе назва сьвята зьвязваецца са словам “радасьць”. У хрысьціянскай традыцыі – гэта радасьць паведамленьня памерлым пра тое, што Хрыстос уваскрос, а ў дахрысьціянскія часы – гэта радасьць паведамленьня пра тое, што прыйшло цяпло, прыйшла вясна.

Дахрысьціянская ўрачыстасьць Радаўніцы добра інтэгравалася ў царкоўную традыцыю. Радаўніца – гэта Вялікдзень для памерлых – тлумачыць нам клірык менскага Свята-Духавага катэдральнага сабору, протаярэй Аляксандар Шымбалёў. Падчас Сьветлай Сядміцы ў цэрквах не праводзіцца памінальных богаслужэньняў. Таму людзі могуць ушанаваць памяць сваіх блізкіх ды разам зь імі адзначыць уваскрашэньне Хрыста адразу пасьля пасхальнага тыдня.

Як вернікам трэба адзначаць Радаўніцу? Перадусім – трэба схадзіць у царкву й памаліцца – тлумачыць айцец Аляксандар.

А. Аляксандар: Вернік перш за ўсё павінен схадзіць у царкву й памаліцца. Мы павінныя зьвярнуць свае думкі да Бога, папрасіць, каб Гасподзь прабачыў грахі нашых супачылых блізкіх і пасяліў іх да праведнікаў. А пасьля можна наведаць могілкі. І там таксама памаліцца. Самае галоўнае, што хрысьціянін можа даць сваім памерлым продкам – гэта малітва, якая зьяўляецца просьбай да Бога.

Абеду на могілках царква не вітае, бо лічыць гэта адгалоскам язычніцкай трызны. А вось гарэлку ні ў якім разе браць на могілкі нельга, – тлумачыць айцец Аляксандар.

А. Аляксандар: Царква абсалютна адмоўна ставіцца да гарэлкі на могілках. Ня трэба яе ані ліць на магілы, ані акрапляць іх. Ставіць гарэлку на могілках таксама нельга. Гэта ж не сьвятая вада. Гарэлка, наадварот, губіць людзей. Шмат людзей памерла ад гарэлкі – навошта даваць ёй такі сакральны сэнс?  Мы просім, каб гэты дзень вернікі правялі з малітвай, са зваротам да Бога – у царкве, а пазьней на могілках.

Спажываньне гарэлкі на могілках раней лічылася зьнявагай продкаў – кажа этнограф Уладзімер Васілевіч.

У. Васілевіч: 96-гадовая жанчына зь Бешанковічаў, у якой я запісваў фальклёр, сказала мне, што раней на могілкі не хадзілі з гарэлкай, бо гэта ўспрымалася як абраза для мёртвых.

Радаўніца – гэта дзень, калі людзі ідуць у храмы, прыяжджаюць родныя з далёкіх гарадоў і нават краінаў. Гэта дзень, калі аб’ядноўваюцца сем’і. Традыцыя Радаўніцы захавалася, нягледзячы на выпрабаваньні савецкага часу – магчыма, таму, што ў здаровага чалавека ня можа ня быць цягі да сваіх каранёў. Радаўніца захавалася, бо мы – людзі, канстатуе этнограф Уладзімер Васілевіч.

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё