Выйшаў юбілейны 50 нумар часопіса "Дзеяслоў"

Выйшаў юбілейны 50 нумар часопіса "Дзеяслоў"


Літаратурны часопіс “Дзеяслоў” адсвяткаваў свой юбілей – выданнем пяцідзесятага нумару.

Галоўны рэдактар часопіса Барыс Пятровіч зазначыў, што адмысловага акцэнту на тое, што ён юбілейны, у пяцідзесятым нумары “Дзеяслову” няма. Адзінае новаўвядзенне – гэта новы дызайн вокладкі. У астатнім жа “Дзеяслоў” застаецца верны сваім традыцыям. Ня гледзячы на тое, што праца працягваецца і ўжо рыхтуюцца 51-шы і 52-гі нумары, выданне юбілейнага нумару ўсё ж з’яўляецца адметнай падзяй, кажа супрацоўнік часопісу Анатоль Івашчанка:

- У мяне ў душы свята, гэта вельмі радасная падзея. 50 нумароў гэта як 50 гадоў, кожны нумар ён робіцца, як любіць казаць спдар Барыс, як апошні. Планаў вельмі шмат, дай Бог каб яны спраўджваліся і каб чытач заставаўся з намі. Пакуль ён нам не здраджваў і мы яму таксама.

У пяцідзесятым нумары часопіса “Дзеяслоў” надрукаваныя творы беларускіх літаратараў, між якіх Аксана Спрынчан, Сяргей Законнікаў, Маргарыта Аляшкевіч, Андрэй Хадановіч ды іншыя. У бліжэйшых планах рэдакцыі часопіса “Дзеяслоў” правядзенне круглага стала па пытаннях сучаснай літаратуры, а таксама праца над новымі нумарамі выдання.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя