“Чара” – новы шведска-беларускі праект З. Вайцюшкевіча

“Чара” – новы шведска-беларускі праект З. Вайцюшкевіча


 Беларускі артыст Зміцер Вайцюшкевіч рыхтуе да выхаду новы альбом. Праект, які мае назву “Чара”, уяўляе сабой шэраг песень на вершы шведскіх паэтаў у перакладзе на беларускую мову, да якіх дададзеныя два адмысловыя спевы – адзін на верш Андрэя Хадановіча “Беларускі мужчына” і другі на шведскай мове ў выкананні Аляксандры Эрыксан.

Імпульсам да рэалізацыі музычнага шведска-беларускага праекту стала наяўнасць у беларускім дыпламатычным коле такой асобы, як пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, зазначыў Зміцер Вайцюшкевіч.

- Ён феномен тут, я лічу, чалавек, які адкрыты, які любіць наша больш, чым мы наша любім. І ён паспрабаваў па-свойму адказаць на пытанне “чаму?” Менавіта праз паэзію пастарацца адказаць на такія простыя пытанн: “Чаму 9 мільёнаў шведаў жывуць у мільён лепей, чым 9 мільёнаў беларусаў?”

Як заўважыў Зміцер Вайцюшкевіч, новая плыта ў музычным плане не падобная на папярэднія альбомы. Прэзентацыя альбома “Чара” ў Швецыі адбудзецца 2-га траўня ў горадзе Стакгольме. Што ж датычыцца беларускай прэзентацыі новага праекта, па словах спевака, існуе папярэдняя інфармацыя аб тым, што 5-га чэрвеня альбом будзе прэзентаваны ў беларускай дзяржаўнай філармоніі, але ці спраўдзіцца яна пакуль невядома.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя